Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз можа ўвесьці санкцыі супраць Беларусі?


Юры Дракахруст, Прага Эўразьвяз можа ўвесьці санкцыі супраць Беларусі, такія як забарона на атрыманьне візаў вышэйшым кіраўніцтвам краіны і замарожваньне банкаўскіх рахункаў, калі ў Беларусі будзе праведзены рэфэрэндум пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміла агенцтву Ройтэрс крыніца ў кіраўніцтве Эўразьвязу.

Суразмоўца агенцтва патлумачыў, што Беларусь мае права правесьці такі рэфэрэндум, але ён павінен адпавядаць міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў. “У нас ёсьць сумневы ў тым, што гэта адбудзецца менавіта такім чынам”, – сказаў неназваны прадстаўнік кіраўніцтва Эўразьвязу ў інтэрвію Ройтэрс.

Пытаньне пра санкцыі будзе разгледжанае на нарадзе міністраў замежных справаў зьвязу ў панядзелак. З ініцыятывай разгледзіць пытаньне пра беларускі рэфэрэндум на міністэрскай нарадзе Зьвязу выступіла Латвія.

Ройтэрс цытуе прадстаўніка Эўразьвязу: “Мы ўжо папярэдзілі Лукашэнку пра магчымыя наступствы абвяшчэньня рэфэрэндуму”.

Як мы паведамлялі ўчора, эстонскі ўрад паведаміў пра гатоўнасьць далучыцца да візавых санкцыяў адносна кіраўніцтва Беларусі, калі на нарадзе міністраў замежных справаў Зьвязу будзе прынятае рашэньне такія санкцыі ўвесьці.

Варта адзначыць, што інтэрвію прадстаўніка кіраўніцтва Эўразьвязу агенцтву Ройтэрс шмат ў чым перагукаецца з заявай прэсавага сакратара дзярждэпартамэнту ЗША. У абодвух выпадках выказваецца сумнеў у тым , што хада рэфэрэндум будзе адпавядаць дэмакратычным стандартам, і ўтрымліваецца папярэджаньне пра кардынальную зьмену стаўленьня да Беларусі, калі гэтыя сумневы спраўдзяцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG