Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махамад Хатамі, які ў наступным годзе сыходзіць з пасады прэзыдэнта Ірану дыпляматычна абышоў тэму рэфэрэндуму


Валер Каліноўскі, Менск Прэзыдэнт Ірану Махамад Хатамі, які знаходзіцца зь візытам у Менску, і Аляксандар Лукашэнка падпісалі двухбаковую палітычную дамову, але ў сваіх прамовах абышлі вострыя палітычныя тэмы.

Акрамя дамовы аб асновах узаемаадносінаў і прынцыпах супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Іранам, падпісанай А.Лукашэнкам і М.Хатамі, сёньня было ухвалена пяць пагадненьняў у розных галінах. Афіцыйна паведамляецца, што гэтыя дакумэнты цягам двух-трох гадоў павінны паспрыяць росту таваразвароту паміж дзьвюма краінамі да 100 мільёнаў даляраў на год. Летась двухбаковы таваразварот быў у крыху больш за 20 мільёнаў даляраў, прычым складаўся ён пераважна зь беларускага экспарту, у тым ліку зброі.

Аляксандар Лукашэнка, заклікаючы да пашырэньня сувязяў з Тэгеранам, заявіў, што “няма такіх кірункаў, па якіх Беларусь і Іран не маглі бы ўзаемадзейнічаць”. Махамад Хатамі у сваю чаргу пахвальна выказаўся наконт “незалежнай замежнай палітыкі Беларусі”. Падчас публічных заяваў А.Лукашэнкі і М.Хатамі, агучаных па выніках двухбаковых перамоваў, не было закранута ніводнай вострай палітычнай тэмы: ні наконт праблемаў міжнароднай бясьпекі й тэрарызму, ні наконт супярэчлівай ядзернай праграмы Тэгерану і адносінах з ЗША, ні аб сытуацыі ў Іраку, ні наконт рашэньня А.Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум аб працягу сваіх паўнамоцтваў.

Махамад Хатамі, які ў наступным годзе сыходзіць з пасады прэзыдэнта, дыпляматычна абышоў вострыя тэмы. Сустрэча Махамада Хатамі й Аляксандра Лукашэнкі доўжылася адну гадзіну. Заўтра спадар Хатамі адлятае ў Таджыкістан.

Прэзыдэнта Ірана Махамада Хатамі чакалі ў Менску ад 1998 году, калі ў Тэгеране зь візытам пабываў Аляксандар Лукашэнка. Візыт Хатамі у адказ плянаваўся некалькі гадоў, але ўвесь час адкладваўся: то з прычыны ірацкай вайны, то з-за вострых унутрыпалітычных падзеяў у самім Іране, у прыватнасьці, скандалу вакол удзелу апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах. Урэшце падчас турнэ спадара Хатамі па краінах СНД ён заехаў і ў Менск. Перамовы спадара Хатамі з Аляксандрам Лукашэнкам працягваліся адну гадзіну і скончыліся бязь нейкіх сэнсацыйных заяваў ці рашэньняў.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль не зьдзіўляецца малой выніковасьці гэтага візыту, усё-такі Беларусь і Іран вельмі далёкія і розныя краіны. Але Аляксандру Лукашэнку выбіраць сваіх замежных суразмоўцаў не выпадае.

(Кароль: ) “Па сутнасьці, калі Беларусь знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, то любы кантакт гэтай уладзе патрэбны зь любой краінай, бо ён як бы дэманструе прысутнасьць, уключанасьць у міжнародныя працэсы”.

Аляксей Кароль кажа, што такія кантакты асабліва патрэбныя цяпер для афіцыйнай прапагандысцкай машыны, каб узьняць імідж А.Лукашэнкі напярэдадні рэфэрэндуму. На думку Аляксея Караля, нельга выключаць павелічэньня іранскай цікавасьці й да беларускай зброі, паколькі Іран зьяўляецца яе традыцыйным спажыўцом, а афіцыйны Меск зацікаўлены ў дадатковых прыбытках для выкананьня рэфэрэндумных абяцаньняў А.Лукашэнкі аб росьце сярэднямесячнай заработнай платы да 250 даляраў і стрымліваньні росту камунальных тарыфаў.

Аднак прэзыдэнт Ірану падчас сустрэчаў у Менску ніяк не закрануў галоўнай унутрыпалітычнай праблемы Лукашэнкі — рэфэрэндуму. На думку палітоляга Аляксея Караля, гэтае маўчаньне — дыпляматычнае.

(Кароль: ) “Я думаю, што гэта па той самай прычыне, што прэзыдэнт Ірану таксама мае абмежаваньне па тэрмінах паўнамоцтваў, і не працягвае сваё знаходжаньне ва ўладзе. Таму ён абмяжоўвае свае стасункі зь Беларусьсю выключана афіцыйнымі стасункамі дзьвюх дзяржаваў”.

Акрамя іншага беларускі бок вывучае магчымасьці супрацоўніцтва з Іранам у нафтагазавай сфэры. Нядаўна дзьвюма краінамі быў падпісаны адпаведны мэмарандум.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG