Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі спэцкамбінат ня мае грошай, каб сьцерці намаляваныя невядомымі хуліганамі надпісы на надмагільным помніку Якубу Коласу


Ігар Карней, Менск У ноч на пятніцу на менскіх Вайсковых могілках зьдзейсьнены акт вандалізму. Невядомыя размалявалі гатычнымі сымбалямі надмагільны помнік народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Спробы сьцерці надпісы плёну ня мелі.

Відаць, што з сымбалямі ды надпісамі на надмагільлі Якубу Коласу супрацоўнікі менскіх Вайсковых могілак штосьці рабіць спрабавалі. У колькіх месцах літары крыху зацёртыя наждаковай паперай, але словы кшталту “суднага дня” ды іншых папярэджаньняў пра хуткі Апакаліпсыс відаць добра. Побач з помнікам будаўнікі актыўна пілуюць дарагія ходнікавыя пліткі, а адзін распавёў, што няма грошай на паўбутэлькі кісьлі, каб вывесьці надпісы з надмагільнага помніка паэту. Іншым чынам фарба не зводзіцца.

(Спадар: ) “І парашком спрабавалі вывесьці, і содай, і чым толькі ні хацелі. З камбінату павінен быў прыехаць інжынэр-тэхноляг. Дык ён сказаў, што кісьляй можна — салянай ці сернай. Але кісьлі той у нас няма. А там таксама можа няма. Купляць трэба”.

(Карэспандэнт: ) “А чым гэта ўсё намалявана?”

(Спадар: ) “Адкуль жа я ведаю?”

Кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны накіравала лісты генэральнаму пракурору Беларусі Віктару Шэйману і старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэта Міхаілу Паўлаву з патрабаваньнем пэўных сьледчых дзеяньняў. Але ніякіх адказаў ТБМ пакуль не атрымала.
XS
SM
MD
LG