Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі апошняя беларускамоўная школа пераходзіць на расейскамоўнае навучаньне


Казімер Яноўскі, Гомель З пачатку верасьня адзіная ў Гомелі беларускамоўная школа — Беларуска-славянская гімназія імя Івана Мележа — перайшла на навучаньне прадметаў прыродазнаўчага цыклю на расейскай мове.

Новая дырэктарка гімназіі Сьвятлана Рагавенка распавяла, што на расейскамоўнае навучаньне пераведзенае выкладаньне дакладных навук — фізыкі, матэматыкі, біялёгіі, хіміі. Гэтаму папярэднічалі заявы бацькоў з просьбаю перавесьці выкладаньне згаданых прадметаў на расейскую мову, а таксама праведзенае анкетаваньне саміх школьнікаў. Гаворыць дзевяціклясьнік Аляксандар:

(Аляксандар: ) “Калі будзеш паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, то трэба будзе здаваць і фізыку, і хімію на расейскай мове. Лепей у такім разе вывучаць іх па-расейску”.

Намесьніца дырэктаркі Ірына Акуленка кажа, што адміністрацыя гімназіі пайшла насустрач пажаданьням бацькоў і дзяцей. Усе экзамэны ва ўнівэрсытэтах, іншых навучальных установах абітурыенты здаюць па-расейску. Тэставаньне таксама на расейскай мове. У краіне ж дзьве дзяржаўныя мовы.

Дасьведчаныя крыніцы зьвязваюць зьмяненьне моўнай палітыкі ў гімназіі яшчэ і з выхадам на пэнсію былой дырэктаркі Тацяны Цыганок. Яна прынцыпова абараняла адзіную ў горадзе школу з навучаньнем на роднай мове. Цяпер у рэгіёне тры з паловаю сотні школаў зь беларускамоўным навучаньнем і 294 школы з расейскамоўным. Яшчэ паўтара дзясятка школ — дзьвюхмоўныя. Статыстыка, як быццам, на карысьць нацыянальнага навучаньня. Але школы зь беларускай мовай навучаньня — як правіла, малакамплектныя, пачатковыя і базавыя. Перавага беларускіх школаў умоўная. Гэта добра відаць па колькасьці навучэнцаў.

На беларускай мове ў школах рэгіёну навучаецца каля 35 тысяч дзяцей, у расейскамоўных — звыш 160 тысяч. Гэта ў чатыры з паловай разу болей. Што да вышэйшых навучальных установаў, то ні адна зь іх не прапаноўвае студэнтам навучаньня на роднай мове.
XS
SM
MD
LG