Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў рэгіёнах: Колькі беларусаў у рэальнасьці прагаласуе за прапанову Аляксандра Лукашэнкі на рэфэрэндуме?


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэткае пытаньне тыдня людзям з розных рэгіёнаў Беларусі задаваў наш карэспандэнт.

Я рабіў гэтае апытаньне на менскім чыгуначным вакзале — месцы, дзе можна сустрэць людзей розных сацыяльных групаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Вось якія я атрымаў адказы:

(Дзяўчына: ) “Я думаю прыкладна 80%. Мне здаецца, што за Лукашэнкам мы нядрэнна жывем”.

(Спадар: ) “Бальшыня, бо ў нас шмат пэнсіянэраў у краіне. Моладзі стала мала, і моладзь больш схільная да стабільнасьці”.

(Пэнсіянэр: ) “Амаль 100%. За яго ўсе перажываюць”.

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, што шмат”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вам так здаецца?”

(Дзяўчына: ) “Таму, што я, напрыклад, за Лукашэнку. Ён як быў нашым бацькам, так і застанецца”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, колькі беларусаў у рэальнасьці прагаласуе на рэфэрэндуме за прапанову Аляксандра Лукашэнкі?”

(Хлопец: ) “Ня ведаю, хіба толькі пэнсіянэры, бо моладзь ня надта будзе галасаваць. Я ведаю ў гэтай справе думку моладзі, прынамсі тых, з кім маю зносіны”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што больш за палову прагаласуе за яго прапанову, асабліва шпіталі”.

(Спадар: ) “Я думаю, прыкладна 80% за яго прагаласуе, бо ў нас усё добра”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што бальшыня. Ён лічыцца аўтарытэтным лідэрам, і ўсе за ім пойдуць”.

(Спадарыня: ) “Думаю прагаласуе за яго недзе 50%, бо ў асноўным галасаваць ходзяць пажылыя людзі. Маладыя ня ходзяць”.

(Спадар: ) “Колькі ён захоча, столькі й прагаласуе. Гэта ўсё фікцыя”.

(Спадар: ) “Пытаньне сур’ёзнае, так адразу й не адкажаш. Баюся, што яго падтрымаюць”.

(Спадарыня: ) “Прыкладна 70%. Уся вёска яго паважае. Я таксама буду галасаваць за яго прапанову, бо ня бачу яму альтэрнатыввы”.

(Пэнсіянэр: ) “Я пэнсіянэр з Гомелю, адпачываў на Нарачы, цяпер еду дадому. Буду галасаваць толькі за яго. Ён выратаваў краіну, падтрымаў моладзь, пэнсіянэраў. Паўсюль парадак, чысьціня, жывем спакойна. Дай Бог яму здароўя”.

(Хлопец: ) “Я супраць усяго гэтага. Думаю, падтрымае яго меншасьць, бо гэта патыхае дыктатурай”.

(Студэнт: ) “Думаю, падтрымае каля 40%. Большасьць студэнтаў, мне здаецца, прагаласуе супраць ягонай прапановы. Я таксама супраць”.
XS
SM
MD
LG