Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Латвіі заявіла, што місія АБСЭ будзе назіраць і за рэфэрэндумам


Юры Сьвірко, Менск Абнародаваны сьпіс доўгатэрміновых назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Сёньня адбываецца іх разьмеркаваньне па рэгіёнах Беларусі.

Адным зь першых у Менск прыбыў прадстаўнік МЗС Латвіі Гатыс Эглітыс, які ёсьць доўгатэрміновым назіральнікам ад АБСЭ. Спадар Эглітыс будзе працаваць у Беларусі цягам сямі тыдняў. Гэта першы прадстаўнік Латвіі, які бярэ ўдзел у доўгатэрміновым назіраньні — раней краіна накіроўвала сваіх назіральнікаў толькі на кароткі пэрыяд. Пазьней з Рыгі ў Беларусь прыедуць яшчэ некалькі кароткачасовых назіральнікаў.

Міністэрства замежных справаў Латвіі распаўсюдзіла прэсавы рэліз, дзе адзначаецца, што ў зьвязку з абвешчаным у Беларусі рэфэрэндумам аб’ём працы назіральнікаў павялічыцца.

Аднак сама місія АБСЭ на гэты конт яшчэ ня выказалася. Затое стаў вядомы сьпіс усіх доўгатэрміновых назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Гэта тры прадстаўнікі Швэцыі — Гэрд Ліндстром, Пэр Війк і Тагэ Бурман, трое брытанцаў — Кіс Нікалс, Джэйн Джоплінг і Рычард Джэнкінс, тры грамадзяніны ЗША — Барбара Мілер, Пол Мілер і Джордж Расэл, два прадстаўнікі Даніі — Іб Алкін і Коні Енсэн і два Нямеччыны — Пэтэр Лізэганг і Андрэас Фалькенбург.

Іншыя краіны, як і Латвія, маюць па адным назіральніку. Зь Нідэрляндаў прыехаў Карнэліус Вэрспуй, з Нарвэгіі — Кірстэн Браатхен, з Францыі — Фані Бланшы, з Аўстрыі — Мартын Росман, з Румыніі — Чыпрыян Некула, з Расеі — Іосіф Падражанец і з Польшчы — Марыюш Войтан. Усяго ў сьпісе 21 назіральнік. У гэтую пятніцу адбываецца іх разьмеркаваньне па рэгіёнах Беларусі.
XS
SM
MD
LG