Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны дзёньнік: Валеры Леванеўскі


Валеры Леванеўскі, Горадня Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Мы прапануем не зусім звычайны дзёньнік. Гэта запісы, якія патрапілі на волю з-за турэмных кратаў ад Валерыя Леванеўскага, аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху, абвінавачанага ў абразе прэзыдэнта. Са шматлікіх лістоў, якія паслаў з гарадзенскай турмы спадар Леванеўскі за больш як чатыры месяцы зьняволеньня, дайшло толькі некалькі. Вытрымкі зь іх і склалі гэты незвычайны дзёньнік.

21 ліпеня

Прывітаньне… У мяне ўсё нармальна… Сяджу ў турме. А хочацца ўсіх вас пабачыць. Паехаць на рыбалку альбо ў лес па грыбы. Дасылаю расклад дня, па якім жывуць зэкі.

У 6.00 у нас пад’ём.

6.00—6.30 — прыбіральня, парадкаваньне ложкаў, тумбачак і камэры. Кожны дзень хто-небудзь з тых, хто сядзіць у камэры, па чарзе дзяжурыць.

6.30—7.00 — сьнеданьне (пару лыжак нейкае кашы).

7.00—8.00 — хто чым хоча, тым і займаецца.

8.00—12.00 — ранішняя праверка, ператрус, праходка, выклікі да лекара, на спатканьні, да адваката, да сьледчага, асабісты час.

12.00—13.00 — абед (суп і каша, суп — амаль адна вада зь лісьцінкамі квашанай капусты).

13.00—17.00 — праверкі, выхаваўчая праца.

17.00—20.00 — асабісты час, спаміж яго (18.00—18.30) вячэра (пару лыжак кашы альбо суп, а яшчэ на ўвесь дзень 500 грамаў чорнага хлеба, 125 грамаў белага хлеба 15 грамаў цукру).

20.00—21.50 — вячэрняя праверка.

22.00 — адбой.

І так — кожны дзень.

25 ліпеня

Мая камэра — гэта філія дурдому. Цяпер вось засялілі новага псыха, але збольшага бяскрыўднага. Яму 47 гадоў, жыве ў Горадні. Па ягоных словах, ён — “хатні баксэр”, гэта значыць той, хто б’е жонку. Можа ня спаць суткамі. Выдае сябе за псыхічна-магічнага спэцназаўца, што падобна да праўды, бо псыхічная апрацоўка працягваецца, але ў больш лёгкай форме. Гэты хоць і бубніць дзень і ноч, але не абражае. Праўда, страшэнна сьмярдзючы, брудны… (неразборліва). Смурод ад яго ў камэры, як у прыбіральні.

Галадоўку я пакуль што спыніў, таму што выканалі мае два асноўныя патрабаваньні: прыбралі “пеўня” і прыходзіў на асабісты прыём намесьнік начальніка турмы капітан Ягорчанка Руслан Пятровіч. Астатняга буду дамагагацца далей шляхам перапісак, скаргаў і судоў. Мяне хутчэй за ўсё будуць трымаць да заканчэньня выбараў (як мінімум)…

Калі мяне адміністрацыя турмы падмане, зноў абвяшчу галадоўку…

Пасадзілі да мяне ў камэру дзеда — 75 гадоў. Пры сьмерці ўжо, а туды ж яго, у турму. Да суду, каб ня зьбег. Дурдом. Ён ледзьве жывы, а яго да суду — на нары. Ён так рады, што трапіў да мяне ў камэру, бо да гэтага яго трымалі ў камэры на 10 месцаў, у якой было 22 чалавекі й страшэнная сьпёка. Спалі па чарзе па два чалавекі на ложку. Чым магу, дапамагаю дзеду, шкада яго. Пасадзілі яго за сварку з суседам па дачы. Чалавек ён добры , але па-свойму няшчасны. Тут 80–90 адсоткаў людзей сядзяць толькі з-за самавольства нашых сьледчых ды судзьдзяў, якое замацавана заканадаўча. Таму і турмы перапоўненыя.

16 жніўня

Хтосьці спэцыяльна выключыў у нашай камэры гарачую ваду…

Вельмі хочацца есьці…

У 8.30 зноў была праверка. І зноў не ўзялі маіх хадайніцтваў. Выхавальнік зноў зьбег. Сьмешна і сумна…

Памыўся халоднай вадой. Кеша і Сяргей мыцца пад халоднай вадою адмовіліся. Кеша, сукамэрнік, 49 гадоў. Сядзеў, па ягоных словах, шмат разоў. У камэру прыйшоў два-тры тыдні таму, брудны, безь бялізны, без шкарпэтак, у падраных спартовых портках і зімовых чаравіках… Адмылі мы яго… Любіць лазіць па маіх рэчах, калі я сплю. Перадачаў яму ня носяць. Можа дзень і ноч сам з сабою размаўляць. Пастаянна крыўдзіць Сярожу. Сяргей з Наваградку, 1977 году нараджэньня. Глуханямы. Пасадзілі яго дзён 10 таму, таксама ўсяго бруднага і абадранага. І дзе яны такіх знаходзяць? Увесь час мыкае нешта. Жыве у асноўным інстынктамі: пад’есьці, схадзіць у прыбіральню і г.д. Але патроху выхоўваецца. Навучыў я яго мыць рукі пасьля прыбіральні. Стымул — цыгарэта…

Так што жыву цяпер, нібы ў “баярах”. Але нічога, прывыкаю…

У 15.00 зайшоў выхавальнік па працы са спэцкантынгентам, ст. лейтэнант, 22 гады. На гутарку са мной зайшоў і старшы псыхоляг, маёр. Гэта тыя двое, якія непасрэдна адказваюць за прыём скаргаў і заяваў. Абодва моцна зьдзівіліся (удавана), штоў мяне 12 і 13 жніўня корпусныя не прынялі ні заяваў, ні скаргаў, ні хадайніцтваў. Артысты! Яны сваю справу зрабілі. Я не пасьпеў з-за іх падаць хадайніцтва ў пракуратуру, і справа накіраваная ў суд. Хуткасьць, зь якой яны гэта зрабілі, выклікае ў мяне зьдзіўленьне… 12 жніўня шэсьць тамоў справы (1700 аркушаў) і тры відэакасэты (на 5–6 гадзінаў прагляду) перададзеныя пракурору. Той павінен пазнаёміцца са справай і зрабіць заключэньне. На гэта даецца пяць сутак. Пракурор, не чытаючы, адправіў справу ў суд. 13 жніўня ў 16.00 мне ўжо ўручылі пастанову суду пра тое, што справа ў іх і што мне прадпісана ўтрыманьне пад вартаю да 13 верасьня 2004 году. Во хуткасьць!..
XS
SM
MD
LG