Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная заява Дзярждэпартамэнту ЗША пра рэфэрэндум у Беларусі


RFE/RL 7 верасьня Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра правядзеньне рэфэрэндуму, каб мець магчымасьць застацца на пасадзе прэзыдэнта без абмежаваньня тэрмінаў. 9 верасьня прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар зрабіў афіцыйную заяву з нагоды абвяшчэньня рэфэрэндуму Аляксандрам Лукашэнкам.

Поўны тэкст заявы Рычарда Баўчара:

"На жаль, бясконцыя парушэньні ўрадам Беларусі правоў чалавека і дэмакратыі ізалявалі Беларусь ад сусьветнай супольнасьці замест таго, каб прывесьці яе да пачэснага месца сярод дэмакратычных краін Эўропы, якое яна мусіць мець па праве. Улічваючы гэты кепскі досьвед мінулага, указ прэзыдэнта Лукашэнкі аб абвяшчэньні рэфэрэндуму з мэтай скасаваць усталяваныя абмежаваньні колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў і дазволіць яму зноў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. выклікае сур’ёзныя сумненьні наконт таго, ці будуць яго вынікі вольным і справядлівым чынам адлюстроўваць погляды беларускага народу. Мы паўтараем наш заклік да ўраду Беларусі гарантаваць беларускаму народу, што абмеркаваньне, галасаваньне і падлік галасоў будуць адбывацца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі – як 17 кастрычніка, так і ў будучыні – і неадкладна зрабіць крокі па выкананьні Беларусьсю сваіх міжнародных абавязацельстваў ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

Мы будзем разглядаць любы рэфэрэндум, які не адпавядае міжнародным дэмакратычным стандартам, як чарговую спробу маніпуляцыі дэмакратычнымі працэдурамі і беларускай Канстытуцыяй у супярэчнасьці з дэмакратычнымі прынцыпамі.

Заганныя выбары і заганны рэфэрэндум паслужаць толькі ізаляцыі Беларусі ад яе суседзяў і сяброў, такіх як Злучаныя Штаты Амэрыкі, і прымусяць нас перагледзець нашы адносіны з беларускім кіраўніцтвам і палітыку ў дачыненьні да яго".

Пераклад на беларускую мову: аддзел інфармацыі, культуры, адукацыі Амбасады ЗША ў Беларусі – minsk.usembassy.gov/bel

Іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG