Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 10 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 10 верасьня.

“Сын Беларуса”, 1924 год:

“У аўторак, 9 верасьня, мінула сем гадоў ад сьмерці Ігната Буйніцкага, які паклаў вялікія заслугі дзеля разьвіцьця беларускага тэатру, арганізуючы разам з А.Бурбісам спэктаклі ў Вільні і на правінцыі і, галоўнае, выступаючы на сцэне, як непараўнаны мастак-танцор. Беларускае грамадзянства дагэтуль нічога не зрабілся, каб увекавечыць памяць закладнікаў беларускага тэатру, які на Ўсходзе ўжо дайшоў такога разьвіцьця, што зраўняўся з тэатрам шмат вышэйшых культурна суседзяў”.

“Бацькаўшчына”, 1964 год:

“Адзначаючы 25-годьдзе далучэньня Заходняй Беларусі да БССР, савецкая прапаганда зноў узносіць хваласьпевы камуністычнай партыі, якая, маўляў, “аб’еднала ўсе беларускія тэрыторыі ў адзіную беларускую дзяржаву”. Ці — запраўды ўсе? А што сталася зь беларускай Смаленшчынай, Віленшчынай, Беласточчынай, не гаворачы ўжо аб іншых пагранічных беларускіх землях, прагандляваных саветамі ў карысьць іншых рэспублік? Пакуль гэтыя тэрыторыі застаюцца вонках БССР, камуністычная партыя і савецкі ўрад ня маюць абсалютна ніякіх падстаў цьвердзіць, што ўсе беларускія землі аб’еднаныя ў беларускай дзяржаве”.

“Могилевские ведомости”, 1994 год. Паведамленьне прэс-цэнтру Магілёўскага гарсавету:

“Урачыстае сьвяткаваньне 480-й гадавіны бітвы войскаў Вялікага Княства Літоўскага з маскоўскімі войскамі ў складанай сучаснай міжнароднай абстаноўцы ня будзе спрыяць умацаваньню эканамічных і палітычных сувязяў паміж дзьвюма сувэрэннымі дзяржавамі — Беларусьсю і Расеяй і можа выклікаць усплёск нацыянальнай варожасьці паміж беларускім і расейскім народамі… Такім чынам сваім рашэньнем Магілёўскі гарадзкі Савет дэпутатаў падкрэсьлівае, што сёньня ня час для палітычных баталіяў ды яшчэ з нагоды сумнеўных фактаў гісторыі”.
XS
SM
MD
LG