Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Neue Zuercher Zeitung”: “Беларускі лідэр чапляецца за ўладу”


Ул. інф. Швайцарская газта піша, што Аляксандар Лукашэнка хоча надаць сваім дзеяньням законны выгляд. Ён заяўляе, што рэфэрэндум ня ёсьць злоўжываньнем уладай. Проста Лукашэнка хоча ведаць, ці дазволіць яму ягоны народ браць удзел у выбарах у 2006 годзе.

Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, як вынікае з агучанай фармулёўкі пытаньня, беларускі лідэр дамагаецца ня проста трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва: яму патрэбнае пажыцьцёвае кіраваньне краінай.

Сытуацыя іншая, чым ва Ўкраіне. Адрозна ад свайго калегі Кучмы, які мусіць супрацьстаяць моцнай апазыцыі, Лукашэнка дзеля таго, каб дасягнуць сваіх мэтаў, мае практычна вольныя рукі. Многае свьедчыць пра тое, што Беларусь пад ягоным кіраўніцтвам рухаецца ў тым жа кірунку, што і сярэднеазіяцкія краіны — Казахстан, Узбэкістан, Туркмэністан і Кыргыстан. Фактычна моцная асабістая дыктатура з псэўдадэмакратычным фасадам, дзе апазыцыя і СМІ знаходзяцца пад татальным кантролем.

Трэба, аднак, зыходзіць з таго, піша “Neue Zuercher Zeitung”, што Лукашэнка дасягае сваёй мэты. Час, які ён абраў для рэфэрэндуму, вельмі спрыяльны. Беларуская эканоміка, дзякуючы таннай расейскай энэргасыравіне, знаходзіцца ў лепшым стане, чым некалі. Пра магчымую пэрспэктыву халоднай зімы без ацяпленьня ў гэты час неяк ня думаецца.

Яшчэ беларускі лідэр вельмі добра грае на струнах ксэнафобіі. Ён папярэджвае насельніцтва пра падступныя пляны апазыцыі, сьведчыць пра тое, што ведае крыніцы фінансаваньня апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Ня менш удала выкарыстоўвае ён момант фундамэнталісцкага тэрору. Ніводзін беларус апошнім часам ня стаў ахвярай міжнароднага канфлікту, заяўляе Лукашэнка.

Сваім рашэньнем сумясьціць рэфэрэндум з выбарамі Лукашэнка забясьпечвае сабе прынамсі 50% галасоў электарату, альбо неабходны вынік. Чым болей людзей будуць браць удзел у выбарах і рэфэрэндуме, тым больш упэўнена ён будзе сябе адчуваць, тым больш гучна будзе сьцьвярджаць пра свае дэмакратычныя заслугі. Калі ж апанэнты рэжыму адмовяцца ад удзелу ў плебісцыце, Лукашэнка абвінаваціць іх у тым, што тыя палохаюцца сапраўднага вэрдыкту народу.

Як піша “Neue Zuercher Zeitung”, даволі высокая верагоднасьць таго, што волевыяўленьне насельніцтва ў часе выбарчай кампаніі будзе і гэтым разам сфальшаванае. Папулярнасьць Лукашэнкі сярод насельніцтва апошнім часам моцна пахіснулася, аднак пры гэтым яму нельга адмаўляць у народнай падтрымцы. Прэзыдэнт кіруе краінай дэспатычна, аднак ён упэўнены, што частка беларускага насельніцтва, якая мае настальгію па былым Савецкім Саюзе, будзе галасаваць за яго.

Гл. таксама • Абвяшчэньне рэфэрэндуму: рэакцыя беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў
XS
SM
MD
LG