Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор подпісаў у вёсцы Харава на Берасьцейшчыне


Ягор Маёрчык, Харава, Пружанскі раён Берасьцейшчыны Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Ля сяльмагу — стэнд з надпісам “Кіно”. Замест афішы плякат: “17 кастрычніка — выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу”. У мабільнай камандзе іх трое, актывістаў ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты, які зьяўляецца сябрам Партыі БНФ. Яны дзеляць вёску на сэктары і пачынаюць працу. Дамаўляюцца сустрэцца ля сельсавету. Я далучаюся да Алы Сахарушы. Паводле прафэсіі яна мэдык. На дадзены момант у адпачынку. Кабеціна ўжо гатовая пачаць збор подпісаў, але перад гэтым міні-інтэрвію.

(Карэспандэнт: ) “Ці цяжкая праца зборшчыка подпісаў? І чаму вы на гэта пагадзіліся?”

(Сахаруша: ) “Я пагадзілася, бо мне хочацца чагосьці лепшага, зьмяніць гэтае жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас праблемаў на працы ад такой палітычнай актыўнасьці ня будзе?”

(Сахаруша: ) “Пакуль ня ведаю. Я за справядлівасьць ужо шмат гадоў ваюю. Пакуль церпяць”.

Разам з Алай Сахарушай мы заходзім на двор Марыі Літвіновіч.

(Сахаруша: ) “Добры дзень, можна да вас? Вы ведаеце, што ў гэтым годзе будуць выбары?”

(Літвіновіч: ) “Ведаем”.

(Сахаруша: ) “Ведаеце, што ідзе збор подпісаў?”

(Літвіновіч: ) “Ведаем”.

(Сахаруша: ) “Я зьбіраю подпісы за гэтага маладога чалавека. Чалавек разумны, вышэйшыя адукацыі мае. Людзі яго добра ведаюць”.

(Літвіновіч: ) “Вось хай яны за яго і падпісваюцца! Асабліта я пакуль нічога ня буду пісаць. Ён мужчына сымпатычны, але я буду за Лукашэнку”.

(Сахаруша: ) “Вы не разумеце! Гэта не ў прэзыдэнты!”

(Літвіновіч: ) “Ну, тады магу і за яго падпісацца”.

(Сахаруша: ) “Толькі мне патрэбны ваш пашпарт”.

Пакуль Ала запаўняе падпісны аркуш, я гутару з Марыяй Літвіновіч. Пэнсіянэрка засмучаная ўвагаю да сваёй асобы. Нядаўна ёй выдалілі некалькі зубоў, і цяпер яна калі гаворыць, закрывае далонямі рот.

(Літвіновіч: ) “Людзі ў нас хворыя. Каб мэдыцына нас лепш абслугоўвала. Нас, старэнькіх, усюль пхаюць. Прыйшоў, і яны цябе ня слухаюць. Трэба, каб пэнсіянэраў зьвярталі ўвагу, каб нас лепш лекавалі. Участковыя шпіталі зьліквідавалі, бо няма бюджэту”.

(Карэспандэнт: ) “Людзям дзесьці ітрэба атрымліваць мэдычную дапамогу…”

(Літвіновіч: ) “У Пружану едуць. А нам да яе 12 кілямэтраў. Мы ў Берасьце пра гэта пісалі. Прыехала камісія. Тыры-пыры… Бюджэту ня выгадна”.

(Карэспандэнт: ) “А дэпутат ваш ніяк не падключаўся?”

(Літвіновіч: ) “Ай! Яго тут і не было”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі! Мы вас болей адрываць ня будзем і пойдзем”.

(Літвіновіч: ) “Вы толькі там не пішыце гэтай лухты, што я нагаварыла”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ж не лухта, а расповеды пра жыцьцё”.

Мы выйшлі за браму сядзібы Марыі Літвіновіч. Я зьвяртаюся да Алы Сахарушы:

(Карэспандэнт: ) “Якія ў вас уражаньні склаліся ад першай сустрэчы ў Хараве?”

(Сахаруша: ) “Вельмі добрыя! Першая сустрэча — і адразу подпіс. Шмат хто будзе адмаўляцца падпісвацца, бо яны думаюць, што гэта прэзыдэнцкія выбары. Яны шмат чаго ня ведаюць, мала чытаюць апазыцыйных газэтаў, а толькі БТ”.

Наступны адрас — дом Анатоля і Сьвятланы Стасевіч. Перад пэнсіяй абодва дапрацоўваюць на фэрме. Кормяць цялятаў зранку і ўвечары, а днём адпачываюць у хаце.

(Сахаруша: ) “Дома хто ёсьць? Добры дзень! Можна да вас? Я прыйшла ў вашую вёску, каб сабраць подпісы. Можа, падпішамся?”

(Анатоль Стасевіч : ) “Падпішамся!”

(Сахаруша: ) “Толькі мне патрэбныя вашыя пашпарты”.

Гаспадар адказвае аўтаматычна, зусім не раздумваючы. Ён лезе ў шафу па дакумэнты. А я тым часам распытваю гаспадыню:

(Карэспандэнт: ) “Прыйшла да вас ініцыятыўная група. Вы пагадзіліся падпісацца. А чаму вы нават не пацікавіліся, каго яна прадстаўляе, чым ён займаецца?”

(Сьвятлана Стасевіч :) “Ах! Ці мы бачым калі тых дэпутатаў? Божа мой! Вось падпішамся, дый усё”.

(Карэспандэнт: ) “Як у Хараве жывецца? Якія праблемы? Што ёсьць добрага?”

(Сьвятлана Стасевіч :) “Вы хадзілі па Хараве і ня бачылі, дзе новыя платы пакрасілі? Дакуль? Толькі да крамы, а пасьля крамы як стаялі старыя, так і стаяць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму такая несправядлівасьць?”

(Сьвятлана Стасевіч: ) “Былі рэспубліканскія Дажынкі. Мы на тыя Дажынкі ня езьдзілі й ня бачылі”.

(Карэспандэнт: ) “Але вы якраз тыя людзі, якія працуюць на зямлі. Гэта ж вашае сьвята!”

(Сьвятлана Стасевіч: ) “Ой, Божа! Нам добра, што як бульбу капаць, трактар прыйшоў, а то ручна капаць прыходзіцца”.

Ала Сахаруша дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад чарговай сустрэчы:

(Сахаруша: ) “Ніякіх пытаньняў. Гэтыя людзі, можа, і прагасуюць. Але ім усё адно”.

(Карэспандэнт: ) “Вы абураецеся, што яны нічога не пытаюцца. Мне падаецца, што наадварот — радавацца мусіце. Гэта пазбаўляе вас неабходнасьці тлумачыць, не зусім прыемных сытуацыяў і выказваньняў. Я не магу ўразумець, у чым вашая незадаволенасьць?”

(Сахаруша: ) “Мне падаецца, што як чалавек жыве й ідуць выбары, трэба, каб чалавек гэтым цікавіўся, а тут абыякавасьць. А для збору подпісаў самае лепшае”.

Дом пэнсіянэркі Веры Казловай прыцягвае ўвагу сваімі хараством і прыбранасьцю. Са сталай жыхаркі гаспадыня даўно пераўтварылася ў дачніцу. Улетку ў вёсцы, а на зіму перабіраецца да дзяцей у Берасьце. Мы падыходзім да ганку. Ала Сахаруша разгортвае тэчку. Тут і падпісныя аркушы, і партрэт будучага кандыдата, ягоная біяграфія і пералік дасягненьняў. Тэчку яна трымае так, каб выява была відаць аўдыторыі.

(Сахаруша: ) “Добры дзень! Вы ведаеце, што восеньню ў парлямэнт будуць выбары?”

(Казлова: ) “Ня ведаю”.

(Сахаруша: ) “Вось я вам і кажу першую навіну. Я зьбіраю подпісы за гэтага маладога чалавека. Вы паставіце за яго подпіс?”

(Казлова: ) “А я ня ведаю, ці вы гаворыце праўду? Бо мяне аднойчы цыганы абдурылі, нас зь мёдам падманулі. Кажуць: “Калі купіце зараз за грошы, наступным разам прывязем задарма”.

(Сахаруша: ) “Глядзіце, у мяне ёсьць пасьведчаньне, што я маю права хадзіць і зьбіраць подпісы”.

(Казлова: ) “А дзе хто ўжо падпісаў? Пакажыце!”

(Сахаруша: ) “Глядзіце, ужо падпісаліся”.

(Казлова: ) “Тады давайце, буду падпісвацца”.

(Сахаруша: ) “Але мне патрэбны ваш пашпарт”.

(Казлова: ) “А ў мяне яго няма. Ён у Берасьці, у дзяцей”.

(Сахаруша: ) “Тады выбачайце”.

Сустрэча зь Верай Казловай — безвыніковая. Зноў пры мікрафоне Ала Сахаруша:

(Карэспандэнт: ) “Падпільновала нас тут такая нечаканасьць: бабулька нават ня ведае, ці будуць выбары. Ала, як вы гэта пракамэнтуеце?”

(Сахаруша: ) “Яна сама сказала, што газэтаў не чытае і тэлевізар глядзіць мала. Яна пра гэта і ня ведае”.

(Карэспандэнт: ) “Ці часта вы сутыкаецеся з такімі людзьмі?”

(Сахаруша: ) “Вельмі рэдка. Усе чулі, што будуць выбары. Куды? Гэтага яны не разумеюць альбо ня ведаюць”.

Наступнага адрасата мы вызначылі зусім выпадкова. Зірнулі праз плот, аж у агародзе бабулька капае бульбу. Завіталі на грады і адарвалі спадарыню Веру ад працы.

(Сахаруша: ) “Ходзім і зьбіраем подпісы, дзеля таго, каб у бюлетень патрапіў гэты малады чалавек. Вы паставіце за яго подпіс?”

(Вера: ) “Я буду галасаваць — за яго захачу! А што я буду зараз за яго падпісвацца?! Я ж яго ня ведаю!”

(Сахаруша: ) “Паглядзіце на яго!”

(Вера: ) “Міленькая мая, я нічога ня бачу! Я не расьпішуся!”

(Сахаруша: ) “А як жа вы на выбары ходзіце?”

(Вера: ) “Мне дадуць бюлетэнь і скажуць — за таго ці за таго”.

Для Алы Сахарушы і гэты візыт нічога не прынёс. Я ж не губляю надзеі пачуць ад бабы Веры пра жыцьцё-быцьцё.

(Карэспандэнт: ) “А як ураджай сёлета? Будзеце з бульбай?”

(Вера: ) “Добрая бульба”.

(Карэспандэнт: ) “Адна капаеце ці каго наймаеце?”

(Вера: ) “А каго я буду наймаць на гэбую драбіну зямлі? Свае прыедуць і дапамогуць. Я дачку пахавала, засталіся зяць і ўнучка. Сын мой спаралізаваны. Што мне казаць? Мне няма чаго казаць! Вы ў мяне нічога не выпытвайце! Людзі мае мілыя, нашто яно вам? Госпадзі міленькі, вы такіх дурняў старых не выпытвайце, бо яны аднаго разу скажуць гэтак, а іншы раз — па-іншаму”.

У пошуках маладога пакаленьня па Хараве хадзілі мы нядоўга. Лесьнікова жонка, маці двух дзяцей дэкрэтніца Тамара Рудзіч сядзіць на ганку. Побач у горах пяску і пілавіньня коўзаюцца дзеці.

(Сахаруша: ) “Вы ведаеце, што восеньню будуць выбары?”

(Рудзіч: ) “Ну”.

(Сахаруша: ) “Цяпер ідзе збор подпісаў за будучых кандыдатаў на дэпутата”.

(Рудзіч: ) “Я ўжо за кагосьці падпісвалася”.

(Сахаруша: ) “Можна падпісвацца за ўсіх. Ну што, падпішамся? Калі так, дайце мне свой пашпарт”.

Размаўляючы, мы перамясьціліся з ганку ў саму хату. Ала Сахаруша запаўняе чарговы падпісны ліст. Тарама Рудзіч, гледзячы на гэта, прамаўляе:

(Рудзіч: ) “Якая розьніца, ён мне ўсё адно нічым не дапаможа. Я за гэтых дэпутатаў не хаджу галасаваць. Плёну ад іх няма. Яны сабе толькі кішэні набіваюць. Пару гадоў таму былі выбары, казалі тое самае. А заробак нікому не паднялі. Як было 60 тысяч, так і засталося. Уся моладзь зьяжджае адсюдль. А куды ж яшчэ дзецца? У мяне ёсьць свая хата. Уладкуемся і будзем жыць”.

(Карэспандэнт: ) “А рамонт цяжка рабіць? Якімі сіламі й сродкамі гэта робіцца?”

(Рудзіч: ) “Ёсьць грошы, набываем і будуем, няма — тады сядзім”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі такое будаўніцтва можа доўжыцца?”

(Рудзіч: ) “Чатыры гады будуемся”.

Разьвітваемся з Тамарай Рудзіч. Ала Сахаруша вынікамі сустрэчы задаволеная:

(Карэспандэнт: ) “Ала, вы палявалі на подпіс. Я вас віншую з чарговай перамогай”.

(Сахаруша: ) “Дзякуй за віншаваньні! Тут ізноў абыякавасьць. Ніхто нічым не цікавіцца. Ёй трэба дабудаваць гэтую хату, жыць, выхоўваць дзетак — усё, больш нічога ёй не патрэбна”.

Мы гасьцюем у пэсіянэркі Ніны Ўроніч.

(Сахаруша: ) “Вы ведаеце, што будуць выбары? Ідзе збор подпісаў, каб вылучыць у кандыдаты. Вы за яго падпішацеся?”

Ні слова ня кажучы, бабулька шыбуе ў хату за пашпартам.

(Сахаруша: ) “Сядайце і расьпісвайцеся. Тут пішаце дату, а тут — свой подпіс”.

Зборшчыца подпісаў сваё атрымала. Цяпер мая чарга:

(Карэспандэнт: ) “Зьбіраюць подпісы. А што людзі пра выбары ведаюць? Што яны пра іх ведаюць?”

(Уроніч: ) “Ніхто нічога ня ведае! І ніхто нічога не пытаецца. Адкуль той чалавек, за якога мы зараз падпісваліся?”

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы не запыталіся?”

(Уроніч: ) “Чаго я буду пытацца, калі ён да нас не прыедзе, той кандыдат!?”

(Карэспандэнт: ) “Чаму вы ў гэтым так упэўненая?”

(Уроніч: ) “Бо такое адбывацца ня першы год”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы яму ня верыце, чаму вы за яго падпісаліся?”

(Уроніч: ) “Сказалі падпісацца, я і падпісалася. Ходзяць і гавораць, каб падпісваліся, а чаго гэта я буду распытвацца?”

(Карэспандэнт: ) “Маеце на гэта права”.

(Уроніч: ) “Права-та я маю, але хто і што мне скажа?”

(Карэспандэнт: ) “Давайце паклічам зборшчыцу подпісаў…”

(Уроніч: ) “Ай! Ну ўсё гэта да д’ябла!”

Зь іншымі зборшчыкамі подпісаў мы сустракаемся ў цэнтры вёскі. За пяць гадзінаў працы ў паўтысячным паселішчы трое актывістаў упалявалі 45 аўтогафаў. На чарзе візыт у сельсавет. Старшыня Тацяна Ільяшэвіч мусіць заверыць пячаткаю запоўненыя аркушы. Адбываецца гэта хутка і амаль што моўчкі. Усё. Можна лічыць, што Харава адпрацаванае.
XS
SM
MD
LG