Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Акцыі пратэсту супраць пабораў у выглядзе новай зялёнай карткі для кіроўцаў скончацца патрабаваньнямі палітычнымі”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 7 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Міхаіл, доктар тэхнічных навук: ) “Добры вечар! Я рады, што сёньня нарэшце Беларуская Свабода дала рэпартаж аб наведваньні нашымі беларускімі людзьмі Расейскай Амбасады ў Менску.

Я тэлефанаваў вам паўтары сутак таму, каб зьвярнуць увагу дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука на зусім непатрэбныя запісы, якія пайшлі ў эфір, дзе не было спачуваньня падзеям, якія адбыліся ў Асэтыі, дзе зьбівалі дзяцей і зусім непавінных людзей. Мне вельмі радасна, што гэтая мая крытычная заўвага не прайшла дарма. Таму я хачу выказаць шчырую падзяку дырэктару Свабоды, які трымае на пульсе радыёстанцыю. Хацелася б, каб і далей так працягвалася гэтая праца. Я шчыра вам дзякую. І хацелася б, каб і далей на карысьць працы йшлі крытычныя заўвагі”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Прывітаньне, шаноўныя! Учора па расейскім тэлебачаньні пабачыў ананімнае інтэрвію з былым захопнікам, як таго ймянуюць расейскія спэцслужбы, дзе той кінуў у аўдыторыі гледачоў, што Масхадаў і Басаеў маюць прамое дачыненьне да трагедыі ў Бэслане. Мушу ад сябе, як добра раней ведаўшы Аслана Масхадава і Шаміля Басаева, толькі адно адказаць. Гэта хлусьня! І прычым хлусьня ў старасаўковым гэбісцкім стылі. Бо, напрыклад, Аслан Масхадаў – гэта насамрэч сапраўдны найменна рускі афіцэр старога ўзору, старой школы, як у часы ГКЧП і ў віленскай трагедыі ў тэлевежы, калі сабе праявіў вельмі добра, як чалавек, які быў за народ, які зрабіў многа таго, што Ўсхопчыку, гэтаму здрадніку, да яго, як кажуць, ляцець і ляцець яшчэ. А Басаеў – гэта малады хлапец, які ваюе за сваю Айчыну. І ён акрамя той гісторыі, за якую яму да гэтага часу сорамна, як мне ён казаў у Будзёнаўску, ён ня мае да астатняга ніякага дачыненьня. Так што гэта хлусьня! Вялікая хлусьня! Звычайная гэбісцкая хлусьня! Прабачце. Да пабачэньня”.

(Уладзімер Зьвернік: ) “Добры дзень, Свабода!” Я хачу высьветліць адно пытаньне. Колькі ж на самой справе загінула ў Аслане? У гэтым пытаньні існуе нейкая блытаніна. Відаць, расейскія ўлады, як заўсёды, хаваюць праўду ад грамадзкасьці.

Але ж давайце разам узгадаем хроніку падзеяў. Спачатку было абвешчана, што ў самой школе забілі й выкінуты з вокнаў 22 асобы. Потым вельмі настойліва даводзілася лічба 354 загіблых. І ўжо напрыканцы падзеяў пасьля выбухаў у спартовай зале было знойдзена яшчэ 350 трупаў. Такім чынам, паводле разрозненых зьвестак, агучаных у розны час расейскімі СМІ, атрымліваецца лічба 726. А што значыць інфармацыя аб сотнях загінуўшых бяз зьвестак? Яны ж не маглі кудысьці зьнікнуць, па сутнасьці, з замкнёнага кола? Ці зьяўляюцца яны таксама ахвярамі інтэрнацыянальнай банды альбо загінулі ад куляў расейскага спэцназа? Праўда аб гэтым патрэбная ўсім! Бяз гэтага нельга зрабіць правільных высноваў з жудасных падзеяў у Асэтыі. Напрыканцы я таксама далучаю свой голас да агульнага спачуваньня родным усіх ахвяраў у Аслане. З павагай”.

(Спадар: ) “Прывітаньне на Свабодзе! Я за тое, каб у кожнай дзяржаве была апазыцыя і ўладзе, і прэзыдэнту. Каб гэтая апазыцыя была канструктыўная, каб яна выяўляла недахопы ў нашым грамадзтве і дапамагала іх ліквідаваць. А як беларускую апазыцыю назваць, я нават ня ведаю!

У гэтыя дні Беларусь, Расея ды ўвесь сьвет перажывае трагедыю, трагедыю, калі загінула 300 не ў чым непавінных людзей, у тым ліку 156 дзяцей. Улада Беларусі вырашыла ўвесьці дзяжурства бацькоў і абучаную ахову ў школах для абароны дзяцей. Што пра гэта думаюць грамадзяне Беларусі? – такое пытаньне задаў ваш карэспандэнт людзям. Запытаў маці дваіх дзяцей, якая вам адказала, што калі яна бачыць людзей у міліцэйскай форме на вуліцах беларускіх гарадоў, у яе на душы спакайней за яе дзяцей. У гэты жа час вы задаеце пытаньне беларускаму апазыцыянэру, былому міністру ўнутраных справаў, генэралу-лейтэнанту. І што ж ён адказвае! Ён кажа, што яго, бачыце, турбуе, якія гэта зьвесткі адміністрацыі і настаўнікам будзе даваць гэтая ахова – і гэта яму не падыходзіць. Камэнтары тут, як кажуць, лішнія. Дзякуй”.

(Зіноўеў: ) “Добрай раніцы, паважаная Свабода! Я скажу пра акцыі пратэсту супраць пабораў у выглядзе новай зялёнай карткі для кіроўцаў. Мне такія навіны ўсё больш нагадваюць савецкую камэдыю “Гараж”, дзе людзі таксама спачатку выстаўлялі эканамічныя патрабаваньні, захоўваючы лаяльнасьць палітычнаму рэжыму. І я думаю, што гэта – сьведчаньне пачатку адказу грамадзтва на самавольства ўладаў, якое скончыцца патрабаваньнямі палітычнымі. Я нават працытую тут расейскага паэта Яўгена Еўтушэнку: “Жизнь только так и продолжалась дальше с великого “Так дальше жить нельзя.” Я думаю, так далей жыць нельга!”
XS
SM
MD
LG