Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што рабіць, каб спыніць тэрарызм у Чачэніі? Трэба спыніць тэрор расейцаў у самой Чачэніі.”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 6 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Саскевіч Мікола: ) “Шаноўнае панства Радыё Свабоды! Я хачу прынесьці шчырыя спачуваньні ўсяму асэтынскаму народу ў сувязі з жахлівай трагедыяй, якую арганізавалі тэрарысты ў школе. Каралеўства нябеснага ўсім загінуўшым! А гэтым тэрарыстам-нелюдзям няма апраўданьня і няма літасьці! Тым больш што сярод закладнікаў было шмат дзяцей, а дзеці для ўсіх нас – гэта сьвятое. Прабачце мяне, мужыкі, але калі я глядзеў па тэлебачаньні гэтую трагедыю, то ў мяне навярнуліся сьлёзы.

Я хачу сказаць, што са мной у арміі ў Чэхіі служыў ваш зямляк, асэтын-хрысьціянін, Альберт, добры, моцны, пісьменны хлопец, якія заўсёды мог пастаяць за сябе і ў той жа час заўсёды мог падтрымаць добрым словам. Я ведаю, што асэтынскі народ – гэта добры і справядлівы народ. І хачу запытаць у нашай Радыё Свабода, хто мог аддаць дурацкі загад аб штурме? Там жа былі дзеці, шмат дзяцей! І калі ўлада дала прыказ аб штурме, то лічу, што гэта варварства! Ні ў ніякім разе нельга было рабіць штурм, там жа было шмат дзяцей! Чаму не маглі выкарыстаць усе шансы? Чаму? У тым ліку залучыць да перамоваў прэзыдэнта Ічкерыі Аслана Масхадава, які не зьвязаны з тэрарыстамі і які хацеў дапамагчы людзям у гэтай жахлівай трагедыі, я чуў пра гэта на нямецкай хвалі.

І яшчэ хачу дадаць, што расейскай інфармацыі нельга верыць. Мне здаецца, што Расея ператвараецца ў Беларусь, і, як сказаў Барыс Беразоўскі, з фашысцкім тварам, дзе бяспраўе, дыктатура і страх. Таму я веру толькі СМІ ЗША і хачу, каб журналісты і палітыкі ЗША сказалі праўду, ці была дадзеная каманда “штурм” расейскай уладай ці не. А што тычыцца расейскіх журналістаў, то яны баяцца і аддаюць перавагу маўчаньню. І як пяецца ў песьні вядомага сьпявака Аляксандра Разэнбаўма: “диванчик – плюш, болванчик из Китая”. Дык вось, у Расеі цяпер журналісты ТБ і некаторыя палітыкі сталі “болванчиками из Китая”.

Яшчэ раз прыношу ўсім мае шчырыя спачуваньні. Я малюся за вас усіх і за тое, каб ніколі ня гінулі дзеці ні ў шматпакутнай Ічкерыі, ні ў Асэтыі – нідзе ў сьвеце, ніколі й нідзе. Хавай Бог нашых дзяцей! Дзякуй за ўвагу”.

(Бялькевіч, Берасьце: ) “Паважаны Аляксандар Лукашук! Дзякуй за апэратыўны і талковы адказ на мой званок. Вы вельмі ўсё цікава паведамілі. Жадаю вам посьпехаў у працы! Стварайце болей добрых і цікавых перадач пра Беларусь. З павагай”.

(Спадар: ) “Добры вам вечар! Наконт вашага пытаньня з нагоды тэрарызму. Ці пагражае тэрарызм Беларусі? Маё меркаваньне. Калі зьвярнуцца да слоўніка, то тэрарызм – гэта змаганьне пэўнай групы з праціўнікам, клясавым альбо нацыянальным, мэтадамі гвалту ажно да зьнішчэньня. І калі сыходзіць з гэтага, то тэрарызм на самой справе ў нас існуе, толькі тэрарызм, на жаль, дзяржаўны. Што робіцца ў нашай дзяржаве – мы ведаем без камэнтароў.

Наконт расейскага так званага тэрарызму. Пытаньне вельмі шырокае. Адзінае скажу: кажуць, што беларусы не ваююць у Чачэніі. На самой справе я меў размовы з пэўнымі людзьмі – і нашыя людзі, беларусы, таксама ваююць у Чачэніі, на жаль, як наёмнікі, як з боку сэпаратыстаў, так і з боку фэдэральных расейскіх войскаў. Гэта пытаньне сапраўды, на жаль, для нас адкрытае.

Тое, што адбылося ў мінулыя дні – гэта сапраўды катастрофа. На жаль, сучасная расейская палітыка – гэта проста катастрофа для ўлады Пуціна, які выказаў думку аб тым, што ён расфармоўвае Рэспубліку Аланію, то бок, Паўночную Асэтыю, з-за канфлікту ў Грузіі. Напэўна, можна па пэўных прычынах думаць аб тым, што гэта было падставай да таго, што адбылося ў Паўночнай Асэтыі сёньня, калі гінулі дзеці, калі гінулі дарослыя, і агромністая колькасьць людзей загінула, га? Усё гэта невыпадкова. Напэўна, сапраўды спадару Пуціну трэба сядаць за стол перамоваў з тымі, хто не зьяўляецца тэрарыстамі, хто не ўзрывае дамы, а вырашае пытаньне адкрыта й сумленна сродкам зброі. Бо нават баевікі адмовіліся ад тых тэрарыстаў, якія сядзелі ў той школе. Ён абавязаны размаўляць з Асланам Масхадавым, канечне ж, у першую чаргу.

Шмат хваляваньня, але ў дадзеным выпадку вы разумееце, што тэрарызм на тэрыторыі Беларусі мажлівы, у першую чаргу, з унутранага боку. Зразумела, што сучасныя моладзевыя арганізацыі хоць і памысьляюць аб пэўных тэрарыстычных актах, але яны знаходзяцца ў наіўным яшчэ дзіцячым узроўні і стане, каб узьдзейнічаць на сытуацыю. Пакуль што гэта нейкія ўлёткі, нейкія акцыі. Але зразумела, што сытуацыю ў Беларусі правакуе сама ўлада, як і ў Расеі. У гэтым мы вельмі падобныя. І экспарту тэрарызму ў дадзеным выпадку ня будзе, таму што сам чачэнскі народ, людзі, якія займаюцца тэрарызмам там, вельмі дасьведчаныя аб сытуацыі ў Беларусі. І яны цудоўна разумеюць, што мы вельмі падобныя на іх, бо мы маем вялікі ціск з боку як расейскага КГБ, так і ўнутранай улады, якая зьяўляецца непасрэднай часткай узьдзеяньня расейскага КГБ. Але ў любым выпадку мы павінны разумець, што тэрарызм – гэта вынік адчаю. Ніхто ня лічыцца з інтарэсамі чачэнскага народу, сучасная ўлада Расеі ня хоча лічыцца зь інтарэсамі чачэнскага народу. Таму ня дзіва, што адбываюцца такія катастрафічныя вынікі.

У мяне яшчэ маленькае пытаньне. Адкажыце, калі ласка, што гэта такая за журналісцкая эліта, якая прыйшла ў так званую дзяржаўную сфэру мэдыя? Што гэтыя людзі стварылі? Хто такі спадар Лукашук, які кіруе вашай радыёстанцыяй? Хто такі спадар Дынько? Што ён стварыў у журналістыцы? І хто такі гэты малады чалавек, прозьвішча якога я ня ведаю і ніхто амаль што ня ведае, хаця ён нібыта перакладчык, які сёньня абраны прэзыдэнтам ПЭН-цэнтру? Хаця ўвогуле ў Беларусі не было ніколі прэзыдэнтаў, а былі канцлеры. Адкажыце, калі ласка, на гэтыя пытаньні. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы! Патэлефанаваць на Беларускую Свабоду мяне прымусілі наступныя падзеі. На працягу апошніх дзён увесь сусьветны друк разам з электроннай інфармацыяй абмяркоўвае няшчасьце, якое здарылася на поўначы Расеі з захватам закладнікаў. На вялікі жаль, ні ў адным камэнтары, якія мне давялося пачуць ад слухачоў Беларускай Свабоды, я не пачуў ні воднага слова спачуваньня альбо шкадаваньня ў сувязі зь гібельлю дзяцей і людзей. Напэўна, рэдактар, які падбіраў тэлефонныя званкі, выбраў толькі тыя, у якіх не было гэтай інфармацыі. Я ня веру, што мой народ, які страціў у гады вайны адну траціну, стаў такім бессардэчным! Мне незразумела, як такое магло здарыцца. Я думаю, што ня людзі ў гэтым вінаватыя, а тыя, хто выбраў толькі тое, што ён хацеў і як сам разумее. Я зьвяртаюся да дырэктара Беларускай Свабоды спадара Лукашука, каб ён разабраўся ў гэтай справе: праслухаў тое, што трансьлявалася ў эфіры, а таксама тое, пра што гаварылі слухачы па гэтым канале. Усяго добрага!”

(Уладзімер Зьвернік, Чысьць, Маладзечанскі раён: ) “На ваша пытаньне наконт магчымасьці тэрактаў на Беларусі адкажу так. Такая магчымасьць цалкам верагодная, нягледзячы на славутую талерантнасьць і памяркоўнасьць беларусаў, а таксама на тое, што быццам бы Беларусь ня мае дачыненьня да расейскай інтэрвэнцыі ў Чачэніі. Але ж расейскія ваенныя базы на нашай зямлі – гэта менавіта той магніт, які можа прыцягнуць чачэнскіх партызан да актыўных ваенных дзеяньняў, накіраваных менавіта супраць гэтага расейскага асяродка, своеасаблівага анкляву на зямлі Беларусі. А чачэнцы вядуць менавіта партызанскую вайну супраць расейскіх акупантаў за свабоду і незалежнасьць сваёй краіны. Ніхто ніколі ж не выступаў супраць дзеяньняў партызан на тэрыторыі Беларусі, якія вялі барацьбу з фашысцкімі акупантамі. Да таго ж, дзяржаўныя сродкі інфармацыі вельмі моцна правакуюць антычачэнскія настроі ў асяродку насельніцтва, называючы чачэнскіх незалежнікаў бандытамі, не разьдзяляючы іх з сапраўднымі бандытамі зь інтэрнацыянальных груповак, у якіх нямала і расейцаў, і ўкраінцаў, дарэчы. А ці мала бандытаў-тэрарыстаў у самой Расеі?

Што рабіць, каб спыніць тэрарызм у Чачэніі? Адказ такі. Трэба спыніць тэрор расейцаў у самой Чачэніі. Тут даволі аднаго слова Пуціна, якое ніяк ён ня можа прамовіць ужо колькі гадоў, бо для яго існуе таксама магніт, магніт нафтавай трубы з Каўказа. Як толькі адтуль будуць выведзеныя расейскае войска, мір усталюецца і ў расейскіх мясцовасьцях”.

(Спадар: ) “Добры дзень! Наконт экспарту тэрарызму. Я думаю, ад гэтага не застрахаваны ніхто, тым больш што Беларусь актыўна супрацоўнічае з Расеяй і мае адкрытыя межы. Але як вырашыць праблему тэрарызму? На месцы Расеі трэба, па-першае, спыніць вайну. Таму што, уявіце сытуацыю: у вашую хату да вас прыходзіць сусед і пасяляецца. А потым праз пэўны час пускае вас у кладоўку пераспаць у вашай жа хаце. Натуральна, вы будзеце яго тэрарызаваць, пакуль зможаце, тым больш калі суседзі будуць гаварыць вам: “Вось там кепскі сусед лезе ў сваю хату”.

Чачэнцы жывуць на сваёй зямлі й “нахабна” абараняюцца ад суседзкіх войск. Канечне, нахабна абараняюцца! Я не падтрымліваю іх у акупацыі школы – гэта, канечне, быў поўны абсурд. Але калі яны калашмацілі вайсковыя злучэньні, амонаўскія атрады, усё было зразумела, і я іх падтрымліваў. Так што тэрарызм – гэта вынік вайны. І не баіцца тэрарызму краіна, якая не адбірае чужое. Дзякуй за ўвагу. Да пабачэньня”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная Свабода! Хоць позна, але хачу выказаць сваё абурэньне. Каго вы паслалі на Алімпіяду? Ён жа два сказы зьвязаць на роднай мове ня можа! Ёсьць жа хлопцы: Аляксей Знаткевіч, Юры Сьвірко, Ігар Карней, Уладзімер Глод і шмат яшчэ каго можна пералічыць. Няўжо не знайшлося разумнага чалавека, які падумаў пра гэта?”

(Банкевіч Генадзь: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! На пытаньне, як змагацца з тэрарызмам і дакуль ён будзе існаваць адкажу наступным чынам. Безумоўна, што каб не было тэрарызму, трэба зьнішчыць умовы яго існаваньня. То бок, зьнявагу адных нацый над другімі, глумленьне адной асобы чалавека над другой, захоп чужых тэрыторыяў, усталяваньне дыктатарскіх рэжымаў, падзел людзей на цывілізаваных і нецывілізаваных, рэлігійную розьніцу, зьнявагу мовы й культуры малых народаў, прэтэнзіі на права аб’яднаньня народаў і шмат іншага.

Тэрарызм як зьява можа быць дзяржаўным, групавым ці аднаасобным. На жаль, прыходзіцца меркаваць, што тэрарызм будзе існаваць яшчэ доўга, таму што ў сьвеце няма мэханізмаў, каб супрацьстаяць яму. Вельмі слабыя, а можа абыякавыя такія арганізацыі, як Арганізацыя аб’яднаных нацый, Рада бясьпекі Эўропы, Міжнародны суд і іншыя. Вось чаму так вольна распраўляецца Расея з Чачэніяй, а Ізраіль з Палестынай. У моцнага заўсёды слабейшы вінаваты. І гэтаму садзейнічае абыякавасьць большасьці грамадзянаў, нацыяў і дзяржаваў. Гэты прынцып існуе ў сьвеце да сёньняшняга дня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG