Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны прадае маёмасьць, каб правесьці вучэньні “Шчыт-2004”


Ігар Карней, Менск Міністэрства абароны Беларусі ў вялізных аб’ёмах распрадае сваю маёмасьць. На аўкцыёны выстаўляецца практычна ўсё – ад нерухомасьці і вайсковай тэхнікі да парашутаў, адгазьнікаў і ботаў. Набыць вайсковую маёмасьць можна нават праз інтэрнэт.

Адкуль раптам у міністэрства абароны зьявілася столькі лішняй маёмасьці? У міністэрстве абароны на гэта адказваюць, што яшчэ ад часоў Беларускай вайсковай акругі засталіся вялізныя запасы маральна і рэальна састарэлага абсталяваньня, у якога проста скончыўся тэрмін захоўваньня ды эксплюатацыі. І нават раяць паглядзець на сайце мінабароны (www.mod.mil.by) табліцы з указаньнем ступені зносу: амаль паўсюдна ўдакладненьне – 70-80% зносу.

Але, як кажуць некаторыя адмыслоўцы, справа ня толькі ў гэтым. Былы міністар абароны Павал Казлоўскі зьвязвае масавы распродаж вайсковай маёмасьці з чарговымі вучэньнямі, гэтым разам – пад назвай “Шчыт-2004”, пачатак якіх заплянаваны на 27 верасьня. З улікам вельмі сьціплага дзяржаўнага фінансаваньня армія сама мусіць шукаць сродкі, каб хоць крыху пакрыць выдаткі. Вось што, у прыватнасьці, зазначыў спадар Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “Міністэрства абароны атрымлівае вельмі мала грошай, таму распрадае маёмасьць, якая ёй патрэбная. Але няма грошай, каб войска трымаць”.

(Карэспандэнт: ) “У нейкім сэнсе атрымліваецца самафінансаваньне?”

(Казлоўскі: ) “Так, самафінансаваньне, каб выжыць. Якраз напярэдадні я размаўляў з афіцэрамі і задаваў такое пытаньне: вучэньні “Шчыт-2004”, якія зараз вельмі актыўна рэклямуюцца, патрэбныя ці не? Амаль усе адказвалі: лепей бы кватэры нам пабудавалі. Вучэньні патрэбныя для арміі, але калі яны робяцца для аднаго гледача?!… Усе сродкі кінутыя на вучэньні, а на штодзённую навучаньне сродкаў па-ранейшаму няма”.

Які ж увогуле мэханізм гандлю? Набываць маёмасьць могуць толькі грамадзяне Беларусі альбо, калі гаворка пра юрыдычных асобаў – рэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Адмысловыя пункты рэалізацыі створаныя ў Менску, Магілёве, Асіповічах і мястэчку Краснае пад Маладзечнам.

Натуральна, што нават дзеля пакрыцьця выдаткаў на такія вучэньні, як “Шчыт-2004”, не прадаецца ўзбраеньне – дзеля гэтага існуе дзяржаўнае прадпрыемства “Белтэхэкспарт”, якое зарабляе на гандлі зброяй немалыя грошы. Астатні ж асартымэнт практычна бязьмежны. Прадаюцца як асобныя танкарамонтныя майстэрні, так і цэлыя вайсковыя часткі з усёй інфраструктурай.

Кожнае вайсковае ўпраўленьне на сайце абароннага ведамства дае свае прапановы. Таму асартымэнт ільга ўсталяваць сыходзячы з гэтага. Прыкладам, паветрана-дэсантная служба рэалізуе перадусім парашуты (ад дэсантных да грузавых). Рэчавае ўпраўленьне прадае матрацы, шынэлі, боты, валёнкі, “фуражкі-безказыркі”, кацялкі й асобна – падэшвы. Харчовае ўпраўленьне – палявыя кухні і нават хлебапякарні. Мэдычная служба пазбаўляецца кастылёў, апэрацыйных палявых сталоў, сьпіртовак і г.д...

Іншая справа, што ахвотных да гэтага сэканд-гэнду ня шмат. Калі казаць пра рэальны попыт, то існуе ён хіба што на аўтатэхніку, якую паводле астаткавых коштаў скупляюць, найперш, калгасы. Нямала старшыняў гаспадарак ужо перасела на армейскія УАЗікі, бо гэта сапраўды таньней, чым купляць новы. У рубрыцы “Гарачая прапанова” 10-гадовы УАЗ выстаўлены за 1,5 тысячы даляраў.

Ідзе з малатка і цяжкая тэхніка – Уралы, КРаЗы, ЗіЛы і г.д. 15-гадовыя машыны – ад 4,5 мільёнаў рублёў да 8 мільёнаў (у эквіваленце – ад 2 да 4 тысячаў даляраў). Штосьці астатняе ў сельскай гаспадарцы ўжыць праблематычна, а таму і спадзявацца на вялікія грошы ад распродажу напярэдадні вучэньняў “Шчыт-2004” таксама наўрад ці выпадае.
XS
SM
MD
LG