Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задача Беларускага эўраатлянтычнага форуму – інфармаваць насельніцтва пра НАТО


Уладзімер Глод, Менск 9 верасьня ў Беларусі абвясьцілі аб стварэньні Беларускага эўраатлянтычнага форуму – своеасаблівай групоўкі сяброў НАТО. Ініцыятары форуму – падпалкоўнік запасу Ўладзімер Нісьцюк, кандыдаты філязофскіх навук Вячаслаў Паздняк і Віктар Ухванаў, палітоляг Андрэй Фёдараў ды іншыя лічаць: нягледзячы на тое, што Беларусь удзельнічае ў праграме “Партнэрства дзеля міру”, узровень узаемадзеяньня краіны з Паўночна-атлянтычным альянсам недастатковы. Якія канкрэтна мэты ставяць арганізатары Беларускага эўраатлянтычнага форуму?

У сваёй заяве арганізатары Беларускага эўраатлянтычнага форуму, перадусім, зьвяртаюць увагу на тое, што апошнім часам пагроза буйнога вайсковага сутыкненьня ў Эўропе, дзе пачыналіся дзьве найбольш страшэнныя ў гісторыі чалавецтва вайны, практычна зьнікла. І гэта адбылося ў значнай ступені дзякуючы НАТО, які насуперак савецкай ідэялёгіі стаў не агрэсіўным блёкам, а супольнасьцю, што ахоўвае бясьпеку сваіх сябраў.

Перадусім, данесьці праўду пра Паўночна-атлянтычны альянс і хочуць ініцыятары форуму. І яшчэ – яны выступаюць за новы, больш высокі, узровень адносінаў паміж НАТО й Беларусьсю. Арганізатары форуму зьвяртаюць увагу на тое, што краіны СНД, у тым ліку й Расея, прасунуліся тут значна далей і маюць ад такога супрацоўніцтва значна больш выгодаў, чым Беларусь.

Чаму гэтая ініцыятыва ўзьнікла менавіта цяпер? – такое пытаньне я задаваў Уладзімеру Нісьцюку. Вось ягоны адказ:

(Нісьцюк: ) “Зараз гэта асабліва важна. Мы ўпэўніліся, што нашы надзеі на тое, што Расея зможа паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, зможа выхаваць беларускага правадыра, ня спраўдзіліся. Цяпер, калі разглядаць прыярытэтныя вэктары, якія могуць паўплываць на падзеі ў Беларусі, даць ёй пэрспэктыву, то больш важкім выглядае эўраатлянтычны накірунак. Таму трэба групавацца, трэба выхаваць наш народ, пераканаць яго й павесьці яго да цывілізацыі, дэмакратыі, пэрспэктывы, а не да дзяржавы, якая ня можа разабрацца ў сваіх праблемах і ня хоча бачыць праблемы сваіх сяброў і суседзяў”.

Канкрэтны сродак для дасягненьня адзначанай мэты – перадусім, інфармаваньне насельніцтва. Вось як гаворыць пра гэта адзін з стваральнікаў Беларускага эўраатлянтычнага форуму, незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі:

(Якаўлеўскі: ) “На жаль, беларускае грамадзтва дастатковай інфармацыі пра дзейнасьць Паўночна-атлянтычнага альянсу ня мае. Таму нашая грамадзкая ініцыятыва будзе гэты прабел ліквідаваць. Мы будзем даваць аб’ектыўную й шматбаковую інфармацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG