Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрык Чэнавэт: "Каб рэальна дапамагчы Беларусі, ЗША мусяць скаардынаваць сваю палітыку з Эўразьвязам"


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Эрык Чэнавэт – адзін з кіраўнікоў Інстытуту за Дэмакратыю ва Ўсходняй Эўропе. Гэта недзяржаўная ўстанова, якая дапамагае ствараць і фінансаваць праграмы па адбудове грамадзянскай супольнасьці й дэмакратычных інстытуцыяў у краінах Усходняй Эўропы. У мінулым Эрык Чэнавэт неаднаразова крытыкаваў палітыку ЗША за недастатковую ўвагу да праблемаў краін былога СССР, у тым ліку й Беларусі.

ЗША маглі б зрабіць болей для Беларусі, калі б палітыка Белага Дому ня была сфакусіраваная толькі на адным рэгіёне. Каб рэальна дапамагчы Беларусі, лічыць спадар Чэнавэт, ЗША мусяць зрабіць 2 крокі: скаардынаваць сваю палітыку з Эўразьвязам і выпрацаваць інфармацыйную палітыку, каб беларуская апазыцыя магла спаборнічаць з Лукашэнкам на роўных. Ранейшая палітыка падтрымкі дэмакратычных рухаў пры мінімальным фінансаваньні незалежных сродкаў масавай інфармацыі не спрацоўвае. ЗША, на думку Чэнавэта, павінны спансараваць стварэньне прынамсі некалькіх дадатковых радыё-, тэле- і прэс-службаў, каб стварыць альтэрнатыву інфармацыйнай прасторы, кантраляванай рэжымам.

Аднак спадар Чэнавэт скептычна паставіўся да пэрспэктываў зьмены цяперашняй зьнешняй палітыкі ЗША на бліжэйшы час. На яго думку, энтузіязм у вырашэньні беларускіх праблем, якія выяўляюць такія асобы, як сэнатар Джон Маккэйн ды кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, не падзяляецца бальшынёй. Таму Лукашэнка зь лёгкасьцю скарыстаецца гэтым палітычным вакуўмам пры правядзеньні свайго рэфэрэндуму і выбараў. Паводле Чэнавэта, адзінай рэальнай магчымасьцю зьвярнуць сапраўдную ўвагу ЗША на беларускую праблему было б знайсьці сувязі рэжыму з тэрарызмам.
XS
SM
MD
LG