Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку раяць павучыцца ў прэзыдэнта Ірану Хатамі, які адпрацаваў два тэрміны і зьбіраецца сыходзіць


Валер Каліноўскі, Менск У Менск прыбыў прэзыдэнт Ірану Махамад Хатамі. Заўтра ён правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, падпіша двухбаковую палітычную дамову аб супрацоўніцтве.

Прэзыдэнту Махамаду Хатамі ў Менску выказваюць асаблівую пашану. На цырымонію сустрэчы ў аэрапорт прыехалі прэм''ер-міністар Сяргей Сідорскі і міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. Былі ўжытыя і падвышаныя захады ў справе арганізацыі бясьпекі іранскага госьця. З вуліц ад будынка менскай рэстарацыі, дзе спадар Хатамі вячэраў з суайчыньнікамі-бізнэсоўацмі, эвакуявалі ўсе машыны.

Спадар Хатамі прыбыў у Менск зь Ерэвану, дзе ў яго была вялікая прэсавая канфэрэнцыя. У Менску сустрэчаў з журналістамі ў яго не прадугледжана. Як паведаміў амбасадар Ірану ў Беларусі Махамад Гальпаегані, лідэр ягонай краіны не цураецца прэсы, але такім чынам была сфармаваная праграма візыту прымаючым бокам. Затое па ініцыятыве спадара Хатамі ён выступіць зь лекцыяй ў НАН Беларусі на тэму "Дыялёг цывілізацыяў".

Спадар Хатамі – першы замежны лідэр, які наведвае Беларусь пасьля абвяшчэньня А. Лукашэнкам рэфэрэндуму аб працягу ягоных паўнамоцтваў.

Сам Хатамі, як і А. Лукашэнка, адбывае другі тэрмін свайго прэзыдэнцтва, аднак у наступным годзе, як паведаміў іранскі амбасадар Гальпаегані, ён пакіне сваю пасаду. Гэта прадугледажна Канстытуцыяй Ірану і нікім не ставіцца пад сумнеў.

Увогуле спадар Хатамі, нягледзячы на ўсе складанасьці дачыненьняў Ірану з Захадам, асабліва наконт ядзерных праграмаў Тэгерану, успрымаецца як даволі лібэральны для Усходу лідэр. Аляксандру Лукашэнку варта было б пераняць гэтыя якасьці ў спадара Хатамі, упэўнены адстаўны беларускі дыплямат Міхаіл Бацян.

(Бацян: ) “Увогуле ў Іране такая тэндэнцыя на дэмакратызацыю краіны, і мы якраз сёньня гэта бачым, што яны будуюць сваю іранскую дэмакратыю. Нават у такой краіне, хаця там свае традыцыі, свая рэлігія, іслам... І нават яны становяцца на шлях дэмакратыі”.

Міхаіл Бацян лічыць прыкрым, што даводзіцца параўноўваць беларускі рэжым не з польскім ці літоўскім палітычным ладам, а з іранскім.

Цяперашні прыезд спадара Хатамі зьяўляецца візытам у адказ. Аляксандр Лукашэнка наведаў Іран у 1998 годзе.

Адным з асноўных беларускіх тавараў, якія пастаўляецца ў Іран, зьяўляецца зброя. У леташняй справаздачы МЗС Беларусі аб гандлі зброяй Іран стаяў на першым месцы.
XS
SM
MD
LG