Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя літаратурныя выданьні і іхны ўплыў на беларускі літаратурны працэс: рэальнасьць і пэрспэктывы


Валянціна Аксак, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

У верасьні спаўняецца два гады, як выйшаў у сьвет першы нумар незалежнага літаратурнага часопісу “Дзеяслоў”. Зь ягоным зьяўленьнем колькасьць недзяржаўных літаратурных выданьняў на рынку павялічылася ўдвая: быў — адзін “АRCHE”, а стала — два (“ARCHE” і “Дзеяслоў”).

Ці змаглі незалежныя выданьні сфармаваць самастойны літаратурны працэс у краіне? Ці дастаткова іх дзеля гэтага? Ці трымаюць яны сваю пісьменьніцкую і чытацкую тэрыторыю і ці ўстойлівая яна? Ці яна мае патэнцыял разьвіцьця? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў нашай менскай студыі абмяркоўваюць філёзаф, культуроляг і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч і галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” празаік Барыс Пятровіч.

(Валянціна Аксак: ) “Маё першае пытаньне да спадара Пятровіча. За два гады выданьня вашага часопісу ці сфармавалася ў вас свая чытацкая аўдыторыя?”

(Барыс Пятровіч: ) “Здавалася б, два гады — немалы тэрмін для таго, каб часопіс набыў вядомасьць, стаў пазнавальным сярод чытачоў. Але, пэўна, гэта ня ў нашай сытуацыі. Мы пачыналі практычна з нуля. Мы самі не былі гатовыя да гэтага. Мы працавалі ў дзяржаўных літаратурнамастацкіх выданьнях і нам было, па вялікім рахунку, камфортна. І тым ня менш, калі было прынятае рашэньне пра стварэньне голдынгу, мы зразумелі, што заставацца там працаваць немажліва…

Тое, што за за два гады выйшла дзесяць нумароў — гэта нямала, каб усе, хто хацеў пазнаёміцца з часопісам, маглі мець яго. Прытым, што наклад у нас нязьменна 1 тысяча асобнікаў і распаўсюджваемся мы ня толькі праз прыватных распаўсюднікаў, але і па менскіх кнігарнях, і на нашых сустрэчах”.

(Валянцін Акудовіч: ) “Спадар галоўны рэдактар, а чаму гэта вы ўсё кажаце ў множным ліку? Няма множнага ліку. “ARCHE ” пачыналася як часткова літаратурнае выданьне, але зь цягам часу літаратура ў ім была ўвогуле адсунутая на маргінэз. А цяпер я бы сказаў, што яна там выглядае зусім выпадковай, калі раптам надрукуюць нізку вершыкаў ці апавяданьне. Інтэнцыі рэдакцыі часопісу палягаюць у іншым. Гэта сапраўды выдатны часопіс, але не літаратурны. “Дзеяслоў” застаўся адзін-адзінюткі. Ён трымае пераемнасьць з тымі лепшымі часамі сярэдзіны 1990-х, калі мы мелі цэлую сьціжму літаратурных выданьняў у незалежным дыскурсе: і “Наша Ніва” была літаратурнай, выходзіла “Калосьсе”, “Nihil”, выходзілі філязофскія выданьні, гістарычныя… Я ў тую пару спадзяваўся, што яшчэ трохі-трохі, і незалежная літаратурная прастора структуруецца, і напачатку будзе альтэрнатывай дзяржаўнай, а потым дзяржаўная рассыплецца, бо ў яе няма пэрспэктываў, і застанецца гэтая.

На жаль, той аптымізм сярэдзіны 1990-х гадоў не апраўдаўся. Зьніклі “Калосьсе”, “Фрагмэнты”, “Nihil”, і цяпер мы маем толькі адзін “Дзеяслоў”. Мне цяжка ўявіць, а што было б, каб не было і “Дзеяслова”…”

(Аксак: ) “Дзеяслоў” узьнік як пратэст, пра што ўжо сказаў нам тут галоўны рэдактар, як пратэст супроць гвалтоўнага зьняцьця галоўных рэдактараў дзяржаўных літаратурных часопісаў і стварэньня гэтак званага літаратурнага голдынгу. У сувязі з чым тады многія аўтары забралі свае творы з голдынгавых выданьняў і аддалі ў новы часопіс “Дзеяслоў”. Але за два гады гэтыя вострыя супярэчнасьці, мне здаецца, ужо крыху акругліліся, аўтары пакрысе сталі друкавацца і ў вас, спадар Пятровіч, і тыя ж самыя аўтары свае творы нясуць і ў дзяржаўныя выданьні. У вас ёсьць нейкая рэдакцыйная пазыцыя да такіх аўтараў?”

(Пятровіч: ) “Мы ў сваім слове да чытача ў першым нумары пісалі так, што мы ня будзем падзяляць аўтараў на сваіх і чужых, і мы будзем друкаваць творы аўтараў незалежна ад іх пазыцыі, незалежна ад іх літаратурна-мастацкіх прыхільнасьцяў. Мы павінны былі даць альтэрнатыву — і няхай самі аўтары вырашаюць: друкавацца ім у “Полымі” і “Маладосці” ці ў “Дзеяслове”. І вельмі важна, што ў людзей ёсьць выбар. Гэта з аднаго боку. Па-другога, можа нас за гэта і крытыкуюць часам, але мы сапраўды друкуем аўтараў, незалежна ад таго, дзе яны працуюць. Гэта нашая прынцыповая пазыцыя і мы і надалей ня будзем падзяляць аўтараў, а друкаваць лепшае, што ёсьць на сёньня ў беларускай літаратуры. Падабаецца гэта каму ці не падабаецца, але мы будзем гэтага прынцыпу прытрымлівацца”.

(Аксак: ) “Спадар Акудовіч, такая пазыцыя рэдакцыі незалежнага выданьня якім чынам адбіваецца на фармаваньні самастойнага, незалежнага ад дзяржаўнага літаратурнага дыскурсу?”

(Акудовіч: ) “Ведаеце, па-першае, мне падабаецца гэтая пазыцыя. Я яе цалкам падтрымліваю. Я і раней стаяў прыкладна на такіх пазыцыях у тых выданьнях, дзе працаваў, і наколькі мог, спрыяў таму, каб яе прытрымліваліся і іншыя. Я баюся сэктанцтва. Я баюся падпольля. Адмяжоўваць сябе чым заўгодна, акрамя як паняткам “таленавітае — неталенавітае”, — гэта, як мінімум, непрадуктыўна, а ў пэрспэктыве вельмі небясьпечна. Вельмі шкада, што многія незалежныя выданьні, якія існавалі раней, і якія існуюць цяпер ня толькі ў дыскурсе літаратуры, дзеляць Беларусь на часткі, на правільную Беларусь і няправільную, аўтараў на правільных і няправільных. Канцэптуальна гэта вельмі няправільны падыход. Рана ці позна мы павінны бачыць Беларусь як адно цэлае. І гэты шлях, шлях “Дзеяслова”, мне вельмі сымпатычны.

Канечне, адзін “Дзеяслоў” ніяк ня можа трымаць увесь літаратурны працэс, а для мяне гэта самае дарагое: будзе літаратурны працэс — будзе ўсё ў літаратуры. Відавочна нам не хапае ў незалежным дыскурсе яшчэ шэрагу часопісаў. Можа яшчэ больш, чым часопісаў, нам не хапае літаратурнай газэты, якая бы дадавала датрыманьня літаратурнага працэсу, актуалізавала б яго ўвесь час, увесь час тлумачыла, спрачалася, дыскутавала, але пры гэтым абавязкова ахоплівала б усю творчую Беларусь. Не хапае часопісу, які быў бы канкурэнтам “Дзеяслову”. Менавіта канкурэнтам, бо тая ўтульнасьць, у якой існуе “Дзеяслоў”, яна драматычная, яна ня плённая. У аўтараў, якія ня хочуць ісьці ў дзяржаўныя выданьні, таксама павінен быць выбар”.

(Аксак: ) “Спадар Акудовіч сказаў, што ў краіне не хапае літаратурных выданьняў. Гэта азначае, напэўна ж, што пішацца шмат добрых тэкстаў, аўтарам якіх няма дзе друкавацца. Ці адчуваеце вы, спадар Пятровіч, што цяпер сапраўды ствараецца мноства добрых літаратурных твораў? Ці шмат іх у вашым рэдакцыйным партфэлі?”

(Пятровіч: ) “Мноства — гэта занадта гучыць. Тэксты ёсьць, іх нямала і аднаго “Дзеяслова”, каб іх друкаваць, не хапае. Гэта зразумела ад пачатку нашага выхаду. Іншая справа, што ад пачатку мы ўзялі кірунак публікацыі твораў невялікіх памераў: навэлістыка, апавяданьні, вершы. Але з часам зразумелі, што ня можа літаратура жыць толькі аднымі малымі формамі, вядома, нараджаюцца раманы, аповесьці. І паколькі некаторыя аўтары прынцыпова не нясуць іх у дзяржаўныя выданьні, і іх проста няма дзе надрукаваць, то мы таксама пачалі зьмяшчаць творы вялікіх жанраў.

І адпаведна гэтым мы зьменшылі колькасьць аўтараў аднаго нумару: калі ў першых іх было каля трыццаці ў кожным, то цяпер — каля дваццаці. І калі ў першых нумарах мы давалі 6–7 падборак паэзіі і столькі ж празаічных твораў, то цяпер мы і тое, і другое скарацілі да пяці. Да таго ж, паколькі мы ўзьнікалі як адзіная альтэрнатыва голдынгаўскім выданьням, то ўзвалілі на сябе яшчэ і публіцыстыку, і літаратурную крытыку, і ўлічылі тое, што насёньня няма незалежнага часопісу, які друкаваў бы матэрыялы пра кіно, тэатар, выяўленчае мастацтва. І мы стараемся даваць аглядныя артыкулы пра ўсе сфэры культуры, бо нашым аўтарам зьяўляемся адзінаю альтэрнатываю”.

(Аксак: ) “Але выглядае, што верасень — гэта месяц нараджэньня ня толькі “Дзеяслова”. Хутка будзе прэзэнтавацца часопіс, які стварылі маладыя літаратары, і называцца ён будзе “Тэксты”. Гэткім чынам выглядае, што колькасьць незалежных літаратурных выданьняў, калі адкінуць “ARCHE”, зноў павялічваецца ўдвая”.

(Акудовіч: ) “Як толькі зьяўляецца выданьне, зьяўляюцца і яго аўтары”.

(Аксак: ) “Вы лічыце, спадар Акудовіч, што ня попыт нараджае прапанову, а наадварот — прапанова правакуе попыт?”

(Акудовіч: ) “Калі прапанова зарыентаваная на пустую нішу, тады так — знойдзе і аўтар, знойдзееца і чытач”.

(Пятровіч: ) “Я пагаджуся са спадаром Акудовічам у тым, што ў тым ліку і прапанова спараджае попыт. Творы, якія ляжаць у нас у стале, яны трымаюць нас па руках і нагах. Творы павінны друкавацца, творы павінны ісьці да чытача, і чым больш разнастайных выданьняў у нас будзе, зноў жа больш будзе зьяўляцца і патэнцыйных аўтараў гэтых самых выданьняў”.

(Аксак: ) “А чытачоў?”

(Акудовіч: ) “А гэта ўжо іншая праблема”.

(Пятровіч: ) “Тут трэба сказаць пра эканамічныя праблемы па-першае, а па-другое, пра канкурэнцыю, зноў жа ў зьвязку зь фінансавымі праблемамі, зь дзяржаўнымі выданьнямі. Найперш дзяржаўныя “Полымя” і “Маладосць” ёсьць рэальнымі канкурэнтамі незалежных выданьняў, бо яны на дзяржаўных датацыях, таму таньнейшыя.

Спадар Акудовіч казаў тут пра ўтульнасьць сытуацыі, у якой апынуўся “Дзеяслоў”. А абсалютна зь ім не пагаджаюся ў гэтым. Утульнасьць нашая адносная, абсалютна адносная… Вы ведаеце, што пасёньня “Дзеяслоў” не распаўсюджваецца праз “Саюздрук”, вы ведаеце, што нам вельмі цяжка было патрапіць у падпісны каталёг. Але насёньня мы ўжо можам сказаць нашым чытачам, што на наступны год на “Дзеяслоў” можна падпісацца ва ўсіх аддзяленьнях сувязі краіны, і што цяпер нашым чытачам з рэгіёнаў ня трэба будзе ехаць самім у Менск ці прасіць знаёмых набыць наш часопіс. Гэта вялізны крок наперад для нашага часопісу, бо цяпер кожны жадаючы зможа атрымліваць яго па падпісцы. Заклікаю нашых прыхільнікаў падпісацца на “Дзеяслоў”, каб мець магчымасьць чытаць усё лепшае, што пішацца ў беларускай літаратуры”.
XS
SM
MD
LG