Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Акадэміі Навук і старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандар Вайтовіч: “Я не пабаюся гэтага слова сказаць, дыктатура ў нас існуе”


Ганна Соусь, Менск Старшыняваць у грамадзянскай ініцыятыве “ За свабодныя выбары” будзе былы прэзыдэнт Акадэміі Навук і старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандар Вайтовіч. Ініцыятыва ставіць перад сабой мэту скансалідаваць усе намаганьні беларускага грамадзтва, скіраваныя на барацьбу супраць магчымых фальсыфікацыяў падчас рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў.

У грамадзянскую ініцыятыву ўвайшлі такія вядомыя асобы як акадэмікі Радзім Гарэцкі й Іван Нікатчанка, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі, былы міністар працы Аляксандар Сасноў, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч ды іншыя ўплывовыя асобы.

Ініцыятыва “За справядлівыя выбары” будзе зьбіраць і аналізаваць інфармацыю аб ходзе выбараў ад усіх праваабарончых і грамадзкіх арганізацыяў, якія праводзяць маніторынг выбараў, ад беларускіх і міжнародных назіральнікаў, а таксама ад кандыдатаў у дэпутаты, кантактаваць з Цэнтральнай, акруговымі й участковымі выбарчымі камісіямі, органамі дзяржаўнай улады, міжнароднымі арганізацыямі, а таксама з кіраўніцтвам і парлямэнтамі замежных краінаў. Гаворыць старшыня ініцыятывы Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Вельмі важна зрабіць заключэньне пасьля таго, як пройдуць усе выбары, самы галоўны дакумэнт, вельмі абгрунтаваны і на высокім узроўні юрыдычным. Я не пабаюся гэтага слова сказаць, дыктатура ў нас існуе, і з гэтай нагоды хачу дадаць: ніякай люстрацыі ня трэба рабіць, трэба працаваць з адміністрацыйным рэсурсам. Там шмат людзей, якія працуюць не на дыктатуру, а на Беларусь”.

На падставе сабранай інфармацыі грамадзянская ініцыятыва зробіць выснову аб адпаведнасьці ці неадпаведнасьці выбараў беларускаму заканадаўству і міжнародным дэмакратычным стандартам і прапануе гэтую выснову народу Беларусі й міжнароднай супольнасьці.
XS
SM
MD
LG