Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі беларусаў у рэальнасьці прагаласуе за прапанову Аляксандра Лукашэнкі на рэфэрэндуме?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Гэткае пытаньне тыдня на Свабодзе. Пра гэта наша карэспандэнтка пыталася ў студэнтаў Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту, што ў Магілёве.

(Спадар: ) “У рэальнасьці прагаласуе шмат, але я асабіста галасаваць за гэта ня буду. Чаму? Таму што мне не падабаецца наш прэзыдэнт. Асабліва тое, што ён часта перапісвае на сваю карысьць Канстытуцыю. Можа, давайце адразу зробім “герцагства Беларусь” — пажыцьцёва, і дзеці яго будуць потым… Я так лічу”.

(Спадар: ) “Пэнсіянэры прагаласуюць, а больш ніхто. Я — не”.

(Спадар: ) “Таму што большасьць супраць яго кіраваньня. І наконт трэцяга тэрміну: трэба даць некаму магчымасьць паспрабаваць свае сілы — новаму маладому альбо таму, хто больш ведае гэтую справу”.

(Спадарыня: ) “Адсоткаў 80. У нас няма ніякіх тэрактаў у Беларусі, у нас няма ніякіх катасрофаў, як у Расеі. Жывём спакойна”.

(Спадар: ) “Я ня буду за яго галасаваць. Я лічу, што нам патрэбен новы прэзыдэнт”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што ўсе ўжо да яго прызвычаіліся, ня будуць мяняць яго. Адсоткаў 75 за яго прагаласуюць”.

(Спадар: ) “А я не. Ці гэта нармалёва: студэнта стыпэндыя 120 тысяч? Ну што гэта для мяне? Нават на жыцьцё мне нічога няма”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што 80 адсоткаў падтрымаюць”.

(Спадар: ) “Таму што больш кандыдытаў ніякіх не відаць”.

(Спадарыня: ) “Апазыцыя ня можа вылучыць нейкага дастойнага прэтэндэнта”.

(Спадар: ) “Можа, але Лукашэнка проста ня дасьць яму праявіцца”.

(Спадар: ) “Я лічу, што Лукашэнку падтрымаюць нашы пэнсіянэры — гэта адсоткаў 40, астатнія, я лічу, што гэта больш-менш цьвярозыя людзі, якія не падтрымаюць яго”.

(Спадар: ) “Таму што ва ўсіх дэмакратычных краінах даецца магчымасьць толькі на пэўны тэрмін выпрабоўваць сябе, і як бы гэта ўжо перабор паўнамоцтваў ідзе зь яго боку”.

(Спадар: ) “Адсоткаў 50, я мяркую. Ня болей. Таму што, як бы вам лягчэй гэта сказаць?.. Надакучыў ён ужо. Ён лічыць, што нібыта гэта ягоная дзяржава і ён тут гаспадар. Я мяркую, што безь яго будзе лепей жыць”.

(Спадарыня: ) “Мяркую, што моладзь ня вельмі за яго. Шмат гаворыць, шмат абяцае, не дае людзям зарабіць. Я і вучуся, і працую, і таму трохі ведаю, як гэта… Ня вельмі мне падабецца наш прэзыдэнт”.
XS
SM
MD
LG