Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк абвяргае высновы Аляксандра Лукашэнкі пра росквіт Беларусі


Юры Сьвірко, Менск У Менску знаходзіцца дэлегацыя Ўсясьветнага банку на чале зь яго віцэ-прэзыдэнтам па рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі Шыгеа Катсу. А ў Вашынгтоне тым часам Усясьветны банк абнародаваў даклад, які параўноўвае найважнейшыя эканамічныя паказьнікі ўсіх краін. Беларусь на тле іншых выглядае ня вельмі прывабна.

Узровень даходаў беларускага насельніцтва характарызуецца як “ніжні сярэдні” ды складае 1590 даляраў на чалавека, хаця сярэдні ў рэгіёне Эўропы й Цэнтральнай Азіі ўдвая большы й перавышае 3 тысячы даляраў. Ценевая эканоміка займае амаль палову — 48%, у той час як сярэдні рэгіянальны паказьнік — 38%.

Беларускі бізнэс-клімат таксама ня вельмі спрыяльны: паводле Ўсясьветнага банку, прадпрымальнікі могуць сутыкнуцца з 16 рознымі працэдурамі, каб распачаць свой бізнэс, і гэта займае ў сярэднім 79 дзён. Абодва гэтыя паказьнікі амаль удвая большыя за сярэднія ў рэгіёне.

Эканамічныя паказьнікі Беларусі, як і іншых краін, наўпрост зьвязаныя з правамі чалавека, зазначае выканаўчы дырэктар Міжнароднай Хэльсынскай Фэдэрацыі Аарон Роўдз:

(Роўдз: ) “Грамадзяне краіны ня маюць свабоды, каб вырашаць свае праблемы, каб стаць прадукцыйнай краінай, якая квітнее. Калі ў Беларусі будзе больш правоў чалавека, тады яна будзе заможным сябрам эўрапейскай сям’і. Поўны чалавечы патэнцыял беларускай людзей мог бы быць рэалізаваны, але пакуль беларускія людзі — гэта ахвяры суворае аўтарытарнае дзяржавы”.

Гэтую выснову пацьвярджае й даклад Усясьветнага банку. Напрыклад, каб зарэгістраваць сваю маёмасьць, жыхарам Беларусі трэба чакаць у сярэднім 231 дзень, а сярэдні рэгіянальны паказьнік — на сотню дзён менш. Што да абароны інвэстыцыяў, дык Беларусь мае адзін пункт зь сямі мажлівых (сярэдні эўрапейска-цэнтральнаазіяцкі паказьнік — 3,6). Каб закрыць бізнэс у Беларусі, трэба амаль 6 гадоў — гэта зноў амаль удвая больш за сярэдні паказьнік па рэгіёне.
XS
SM
MD
LG