Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбывае прэзыдэнт Ірану Махадад Хатамі, які не зьбіраецца балятавацца на трэці тэрмін


Валер Каліноўскі, Менск Прэзыдэнт Ісламскай рэспублікі Іран Махамад Хатамі сёньня ўвечары прыяжджае ў Менск праездам зь Ерэвана ў Душанбэ. Пад час свайго візыту ў Менск ён плянуе правесьці перамовы зь беларускім кіраўніцтвам, падпісаць двухбаковую палітычную дамову аб супрацоўніцтве, выступіць зь лекцыяй на тэму "Дыялёг цывілізацыяў".

Перад пачаткам візыту прэзыдэнта Хатамі амбасадар Ірану ў Беларусі Махамад Гальпаегані заявіў журналістам, што паміж дзьвюма краінамі няма ніякіх палітычных праблемаў, што ж да эканамічных адносінаў, то ім замінае, паводле амбасадара, адрозьненьні ў эканоміцы Беларусі й Ірану.

Кажучы пра леташні таваразварот паміж Іранам і Беларусяй, спадар Гальпаегані акрэсьліў яго ў 20-30 мільёнаў даляраў. Дакладных лічбаў няма, бо іранскія бізнэсоўцы прадаюць свой тавар у Беларусь праз Расею, каб ня мець клопатаў зь беларускай мытняй – паведаміў амбасадар.

Іранскі амбасадар таксама зазначыў пра павагу ў Іране да правоў выбаршчыкаў, у сувязі з чым прэзыдэнт Хатамі, які цяпер на пасадзе прэзыдэнта Ірану на другім тэрміне, пакіне сваю пасаду ў наступным годзе, паколькі згодна з іранскай канстытуцыяй адна асоба не можа быць прэзыдэнтам болей, чым два тэрміны запар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG