Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія пэрспэктывы на бліжэйшыя гады бачаць віцябляне пасьля абвяшчэньня Лукашэнкам рэфэрэндуму?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Апошнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць зьменаў у Канстытуцыі ды ягоную магчымасьць вылучэньня на трэці прэзыдэнцкі тэрмін віцябляне самым непасрэдным чынам зьвязваюць з уласным жыцьцём. І разважаюць яны не пра абстрактную магчымасьць падаўжэньня тэрміну кіраваньня нейкіх абстрактных прэзыдэнтаў, а пра тое, што зь імі будзе, калі менавіта Аляксандар Лукашэнка будзе кіраваць краінай наступныя сем год.

Пасьля абвяшчэньня Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму віцябляне практычна не выказваюць сумневаў наконт таго, на чыю карысьць скончыцца гэтая кампанія. Гавораць студэнты Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту – цяперашнім першакурсьнікам засталося вучыцца тут якраз 7 год з улікам году ў інтэрнатуры. Якія прафэсійныя ды асабістыя пэрспэктывы яны бачаць перад сабою сёньня?

(Студэнт: ) “Я пэўны, што калі Лукашэнка застанецца на трэці тэрмін, то нічога добрага студэнтаў не чакае. Я даведаўся ад сяброў у інтэрнаце, што наш рэктар ёсьць вялікім прыхільнікам Лукашэнкі,так што прапрэзыдэнцкай палітыкай нас проста затэрарызуюць! Я толькі паступіў на першы курс, а ўжо баюся разьмеркаваньня, хоць гэта яшчэ й ня хутка. Бо не знайсьці добрае працы”.

(Другі студэнт: ) “Калі ў нас застанецца Аляксандар Рыгоравіч, то я лепей паеду за мяжу, бо ў такой краіне немагчыма жыць!”

(Трэці студэнт: ) “А мне асабіста пры ім нармальна жывецца. Лукашэнка дае нам вышэйшую адукацыю атрымаць, і гэта добра. Хаця, канешне, дужа дорага”.

(Чацьвёрты студэнт: ) “Калі ён пойдзе на трэці тэрмін, то гэта значыць, што ў нас будуць зруйнаваныя ўсе інстытуты дэмакратыі. Так што трэба іншы прэзыдэнт!”

Калі для мэдыкаў-першакурсьнікаў наступныя 7 год – гэта гады вучобы і больш ці менш акрэсьленых пэрспэктываў, то для тых, чый узрост называюць “сярэднім” або “сталым”, патэнцыйны трэці тэрмін для Аляксандра Лукашэнкі ўяўляецца часам страчаных надзеяў – як для сябе асабіста, так і для ўсяе краіны. Прынамсі, так кажуць яны самі:

(Спадарыня: ) “Мне ў 2011-м годзе, праз сем гадоў, трэба выходзіць на пэнсію. І як я буду жыць, нават цяжка падумаць, калі намі будзе ўсе гэтыя гады кіраваць Аляксандар Рыгоравіч.Пэрспэктывы маёй старасьці зусім ня радасныя – буду жыць, як усе пэнсіянэры цяпер жывуць: дрэнна”.

(Хлопец: ) “Мне зараз 23 гады, я яшчэ малады чалавек і найчасьцей зношуся з творчымі людзьмі. Але ў апошнія гады іх на Беларусі застаецца ўсё меней. Бо тут цяжкія ўмовы жыцьця, і шмат хто зьяжджае. Празь 7 год мне будзе 30, і я застануся гэтым часам на Беларусі. Але я ня пэўны, што яшчэ праз 7 год кіраваньня Лукашэнкі мне будзе зь кім паразмаўляць – ці застануцца тут яшчэ вольныя людзі?”

(Спадарыня: ) “Я дэпутатка Віцебскага гарсавету, мяне зваць Вольга Карач. Тэрмін маіх паўнамоцтваў выцякае праз тры з паловаю гады, але я ўжо цяпер выразна бачу, што гарадзкі бюджэт год ад году зьмяншаецца, а людзі бяднеюць. Калі Лукашэнка будзе кіраваць яшчэ 7 год, то нічога добрага нашу краіну не чакае!”

(Спадар: ) “Майму сыну зараз 11 год, і я ўсё раблю дзеля таго, каб ён атрымаў добрую адукацыю ды жыў у эўрапейскай краіне. Але калі тое, што робіцца ў нас зараз, працягнецца яшчэ 7 год, нашая краіна страціць усе пэрспэктывы. Таму я проста шакаваны апошнім выступам нашага прэзыдэнта. Людзі, задумайцеся пра лёсы вашых дзяцей ды ўнукаў!”

Гэта былі меркаваньні віцяблянаў пра тое, што чакае іх пасьля рэфэрэндуму 17 красавіка.
XS
SM
MD
LG