Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 9 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 9 верасьня

“Крыніца”, 1924 год:

“Нядаўна ў Вільні, ў ночы, паліцыяй быў схоплены вучань VI клясы Беларускай Гімназіі Барыс Каверда і пасьля хутка звольнены. З 21-га на 22 жніўня так-жа ў ночы паліцыя павяла з сабой вучня V клясы тэй-жа гімназіі У.Сурагу ня зважаючы на плач перапужанай яго маці. І гэтага звольнілі, пратрымаўшы гадзін дзесяць. Апошнім-жа часам дашлі да нас весткі з Дунілавіцкага павету Мядзёльскай гміны, што арыштаваны вучні VІ клясы Беларускай Гімназіі Лявон Бабровіч і Кузьма Янэль, якія праводзілі лета ў сваіх бацькоў. Аб далейшым іх лёсе ня ведаем”.

“Віцебскі пролетарый”, 1934 год. Пра візыт у Беларусь Варашылава:

“З самай раніцы 6 верасня Менск прыняў незвычайна святочны выгляд. Усе будынкі горада, вітрыны ўпрыгожаны сцягамі, лозунгамі, партрэтамі правадыроў, кветкамі. З 4 гадзін дня з усіх канцоў горада шматлікія калоны рабочых менскіх прадпрыемстваў, служачых, студэнтаў, школьнікаў, фізкультурнікаў накіраваліся на Вакзальную плошчу. Рабочыя нясуць дзесяткі партрэтаў тт. Сталіна, Варашылава. К 7 гадзінам вечара на пероне вакзала сабраліся кіраўнікі партыйных, савецкіх арганізацый БССР… Гукі “Інтэрнацыяналу”, крыкі “Ура”. Поезд падышоў да перона”.

“Народная газета”, 1994 год. Афіцыйнае паведамленьне “Аб стане здароўя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”:

“На працягу больш чым месяца ў Аляксандра Лукашэнкі назіралася абвастрэньне захворваньня (дыскагенны радыкуліт з карэньчыкавым сіндромам). Увесь гэты час прэзыдэнт назіраўся спецыялістамі-медыкамі і меў дакладны план лячэння. Аднак з-за прычын, якія абавязваюць прэзыдэнта пастаянна знаходзіцца на службе, асноўныя рэкамендацыі па захаванню рэжыму не былі выкананы. Цяпер стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі ў цэлым здавальняючы. Урачы дазваляюць яму выконваць службовыя абавязкі пры ўмове захавання строгага пасцельнага рэжыму. Упраўленне грамадска-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.
XS
SM
MD
LG