Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9 верасьня 1944 году было падпісанае пагадненьне аб абмене насельніцтвам між БССР і Польшчай


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 9 верасьня

Сёньня – дзень нараджэньня расейскага пісьменьніка Льва Талстога. Дарэчы будзе нагадаць, што самы знакаміты ягоны раман – “Вайна і мір” у дакладным перакладзе па-беларуску называецца “Вайна і сьвет”, бо менавіта сьвет, а ня мір меў на ўвазе вялікі пісьменьнік, пра што сьведчыць і лацінскае “і” ў арыгінальнай назьве – літара, якую пасьля рэвалюцыі ў расейскім альфабэце адмянілі. У выніку гэтага словы мір і сьвет па-расейску сталі пісацца аднолькава. Згадайце папулярны савецкі лёзунг “міру – мір”, які па-беларуску мусіў гучаць “сьвету – мір”.

9 верасьня 1863 году ў Воршы быў расстраляны Ігнат Будзіловіч. Будзіловіч служыў у расейскай арміі, калі ў Беларусі пачалося паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Дачуўшыся пра паўстаньне, ён уцёк з войска на Магілёўшчыну і стварыў у Аршанскім павеце свой атрад, зь якім рушыў на Бабінавічы і Лёзна. У бітве з карнымі войскамі, якая завязалася пад Пагосьцічамі, атрад быў разьбіты, а ягонага камандзіра Ігната Будзіловіча расстралялі.

9 верасьня 1973 году пакінуў гэты сьвет беларускі філёзаф Іван Лушчыцкі. Адразу пасьля вайны, калі большасьць клясыкаў беларускага адраджэньня, у тым ліку сам Францішак Багушэвіч, былі зьвінавачаныя ў нацыяналізьме, і нават імёны іхныя забаранялася называць у друку, менавіта доктар Лушчыцкі першы рэабілітаваў іх у сваіх публікацыях.

9 верасьня 1944 году было падпісанае пагадненьне паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня аб абмене насельніцтвам. Гэта было зьвязана з тым, што ад Беларусі да Польшчы адыходзіла населеная беларусамі Беласточчына, і паміж дзьвюма краінамі праводзілася мяжа, якая мусіла стаць заходняй мяжой СССР. На падставе таго пагадненьня зь Беларусі ў Польшчу выехала больш за 27 тысяч чалавек, а з Польшчы ў БССР – 36 тысяч.

А яшчэ 9 верасьня ў 1976 годзе пакінуў гэты сьвет Мао Цзэдун, кіраўнік камуністычнага Кітаю, якога называюць бацькам “культурнай рэвалюцыі” і адным з самых крывавых тыранаў ХХ ст. У шэрагу з Марксам, Энгельсам і Ленінам Мао Цзэдун лічыцца клясыкам марксісцкай палітычнай думкі.
XS
SM
MD
LG