Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Чарнобыльскай зоны: “Трэба памяняць прэзыдэнта, хопіць ужо”


Казімір Яноўскі, Гомель Абвяшчэньне Лукашэнкам рэфэрэндуму наконт працягу сваіх паўнамоцтваў прымусіла людзей узгадаць, як ставяцца апошнім часам ўлады да вырашэньня чарнобыльскіх праблемаў. На Гомельшчыне, найбольш пацярпелай ад Чарнобылю, гэта надзвычай адчувальна. Што людзі кажуць пра стаўленьне ўладаў да вырашэньня чарнобыльскіх праблемаў і што думаюць яны наконт працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі?

Канешне, не магу казаць за ўсіх, хто пацярпеў ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Але тыя, з кім удалося пагаварыць, асабліва крыўдуюць, што Аляксандр Лукашэнка амаль адразу, як толькі прыйшоў да ўлады, скасаваў большасьць чарнобыльскіх ільготаў. Вось што кажа былая даярка з вёскі Дворышча Хойніцкага раёну, а зараз жыхарка абласнога цэнтру Кацярына Сіраж:

(Сіраж: ) “Няма іх зусім, тых ільготаў. Ні лекаў – нічога няма. Гэта няправільна. Столькі гараваць трэба было ў той зоне, дзесяць гадоў даіць у радыяцыі кароў. Мы як жабракамі былі, так і будзем. Ужо трэба памяняць прэзыдэнта, хопіць ужо”.

Так лічыць былая даярка з Хойніцкага раёну, 74-гадовая Кацярына Сіраж. Дарэчы, на папярэднім рэфэрэндуме ў 96-м годзе спадарыня Сіраж падтрымлівала кіраўніка дзяржавы.

Падчас сваёй сёлетняй традыцыйнай паездкі ў чарнобыльскія раёны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адсяленьне людзей з заражаных радыяцыяй тэрыторыяў было памылкаю: так было сказана Лукашэнкам падчас наведваньня Петрыкаўскага раёну. І раней, і цяпер кіраўнік дзяржавы станоўча ставіцца да вяртаньня ў зону перасяленцаў. Гэта запомніў самасёл з заражанай радыяцыяй вёскі Канавы Чачэрскага раёну Іван Ягніш:

(Ягніш: ) “Лукашэнка аб’яўляў: каторыя людзі засталіся, няхай жывуць. Дапамагайце ім”.

Як руплівыя людзі, Іван ды Сьцепаніда Ягнішы сталі пашыраць сваю гаспадарку. Скарыстоўвалі дзеля гэтага апусьцелыя пабудовы суседа-сваяка.

Увесну райвыканкам распарадзіўся закапаць гэтыя пабудовы. Пад адкрытым небам у Ягніша засталося каля трох тонаў сена.

Але больш за ўсё Івана і Сьцепаніду Ягнішаў турбуе тое, што яны ня могуць карыстацца мэдычнай дапамогаю Чачэрскага раённага шпіталю:

(Сьцепаніда: ) “Не даюць жыць, во што! Мы ўжо сабраліся на той сьвет сысьці. Не даюць жыць ні ў чым”.

(Іван: ) “Шпітальная справа надарыцца – сюды, у раён, не паказвайся: ня прымуць лячыць. Вы, кажуць, не прапісаны тут. Уся спэкуляцыя на тым, што не прапісаны. Дык яны гатовыя зьдзекавацца над чалавекам”.

А што наогул кажуць шараговыя гамельчукі пра абвешчаны Лукашэнкам рэфэрэндум? Ёсьць людзі, пераважна сталага ўзросту, якія ня хочуць пераменаў і падтрымліваюць Лукашэнку. Вось адно з характэрных меркаваньняў, выказанае пенсіянэркаю:

(Пэнсіянэрка: ) “Няхай балятуецца. Мне ўжо 80 гадоў, я пражыла. Адчуваю сябе добра. Усё!”

Маладзейшыя грамадзяне часьцей за ўсё ставяцца да рэфэрэндуму зь непрыхаванаю доляй іроніі:

(Маладзіца: ) “Сам сабе прыдумаў Канстытуцыю, сам сабе тэрмін прыдумаў. Трэці раз балятуецца. Нядобра гэта”.
XS
SM
MD
LG