Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: “Лукашэнка можа прайграць рэфэрэндум”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Не – пажыцьцёваму прэзыдэнту” – гэткі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”.

У матэрыяле распавядаецца пра супольную тактыку беларускай апазыцыі, лідэры якой заклікалі ўсіх дэмакратычных кандыдатаў у парлямэнт агітаваць супраць скасаваньня канстытуцыйнага абмежаваньня, паводле якога адна асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта ня болей за два тэрміны.

“Такім чынам, будзе адразу відаць, хто з кандыдатаў ёсьць кандыдатам прапрэзыдэнцкім, калі нават ён будзе называць сябе незалежным. Паводле сацыялягічных апытаньняў, што ладзіліся цягам апошніх двух гадоў, ад 45 да 65% беларусаў выказваюць сталае нежаданьне падтрымліваць гэткія зьмены ў канстытуцыі. Гэта значыць, што Лукашэнка можа ня толькі прайграць рэфэрэндум, але й атрымаць на два апошнія гады свайго прэзыдэнцтва як ніколі апазыцыйны парлямэнт”, адзначае “Rzeczpospolita”.

Артыкул у штодзёньніку суправаджаецца здымкам, на якім коратка пастрыжаныя асобы ў цывільным спрабуюць скруціць маладога чалавека, што пратэставаў у аўторак на Кастрычніцкай плошчы супраць намераў Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG