Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскага і Васільева месяц будуць трымаць у сьледчым ізалятары


Сяргей Астраўцоў, Горадня Лідэраў страйкаму прадпрымальнікаў краіны Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева пасадзілі ўчора на два гады за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Спадар Леванеўскі дагэтуль некалькі месяцаў знаходзіўся ў сьледчым ізалятары, а Васільева ўзялі пад варту ў судовай залі.

Іх адвакат Аляксандар Бірылаў паведаміў Радыё Свабода, што цяпер іх будуць трымаць месяц у сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы №1. Менавіта празь месяц прысуд стане правамоцным — пасьля разгляду ў абласным судзе касацыйнай скаргі, якую будзе падаваць адвакат. Канечне, так будзе, калі абласны суд пакіне прысуд Леванеўскаму і Васільеву бязь зьменаў.

Марына Леванеўская гаворыць, што трымацца ёй дапамагае тое, што ў яе шмат абавязкаў. Трэба карміць і выхоўваць чатырох дзяцей і нельга расслабляцца, пакуль муж будзе сядзець за кратамі:

(Леванеўская: ) “Я настройвалася на тое, што ў любым выпадку нейкі тэрмін яму дадуць, бо ён уяўляе зь сябе палітычнага лідэра на сёньняшні момант. І я бачу рэакцыю ўладаў на гэта ўсё, і адносіны да нашай сям’і”.

Марына Леванеўская ня мае сталай працы, ходзіць адзначацца на біржы. Даводзіцца езьдзіць у калгас зь іншымі беспрацоўнымі, напрыклад, палоць буракі. За дзень плацяць сем тысяч. Яна мае дзьве вышэйшыя адукацыі, але ёй часам нават прапаноўвалі працу прыбіральшчыцы.

Сёньня прадпрымальнікі на Цэнтральным рынку яшчэ ня ведалі пра тое, што Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева пасадзілі на два гады за ўлётку і за верш. Усе сьцішана абмяркоўвалі ўчорашні выступ па тэлебачаньні Аляксандра Лукашэнкі. Людзей апанаваў пэсымізм, яны гаварылі, што Лукашэнка хоча кіраваць Беларусьсю пажыцьцёва. Адзін прадпрымальнік згадзіўся сказаць для нашагарадыё пра свае ўражаньні ад прысуду кіраўнікам страйкаму прадпрымальнікаў.

(Прадпрымальнік: ) “Тое, што адбылося зь Леванеўскім і Васільевым, канечне, уражвае. Мы думалі пра ўсё і чакалі ўсяго, але што зь людзьмі так абышліся, гэта — страшна”.

Гэты прадпрымальнік сказаў, што пасьля такога жорсткага прысуду людзі будуць баяцца выказваць свой пратэст.

(Прадпрымальнік: ) “Засталіся цяпер людзі сам-насам са сваімі праблемамі, ня будзе каму нават і слова сказаць. Ну, час пакажа, хто меў рацыю, а хто не. Яны абодва гаварылі за нас, а цяпер мы будзем маўчаць. Шкада”.

Яшчэ адзін прадпрымальнік сказаў, што на рынку хапае тых, хто не любіў Леванеўскага. Аднак Леванеўскі наважыўся сказаць пра ўладу тое, пра што іншыя шэпчуцца на кухнях, і ён змагаўся за правы ўсіх прадпрымальнікаў, за гэта Леванеўскага можна паважаць, сказаў гэты прадпрымальнік.
XS
SM
MD
LG