Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціну далі першую справаздачу па Бэслане: расейскія генэралы зьбіраюцца паляваць за тэрарыстамі “ў любым рэгіёне сьвету”


Натальля Судлянкова, Прага Генэральны пракурор Расеі прадставіў сёньня прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну папярэднія вынікі расьсьледаваньня трагедыі ў Бэслане. Паводле Ўладзімера Ўсьцінава, на сёньняшні дзень вядома, што захопнікі ўзялі ў якасьці закладнікаў больш як 1200 чалавек. 727 чалавек атрымалі мэдычную дапамогу, або знаходзяцца ў шпіталёх. Дагэтуль, афіцыйная колькасьць загіблых складае 326 чалавек, зь ліку якіх 210 ужо ідэнтыфікаваныя.

Расейскія ўлады прынялі рашэньне аб сілавой расправе з тэрарыстамі. Аб выбары стратэгіі адназначна сьведчыць заява начальніка штабу ўзброеных сілаў Расеі генэрала Юрыя Балуеўскага. Сёньня ён выразна заявіў, што Расея зьбіраецца нанесьці магутныя, прэвэнтыўныя ўдары па тэрарыстах, і пры тым, нават па-за межамі Расейскай Фэдэрацыі.

(Балуеўскі: ) “Мы будзем прыймаць усе захады, каб на самай раньняй стадыі ліквідаваць тыя базы тэрарыстаў, якія знаходзяцца ў любым рэгіёне сьвету. Гэта не азначае, што мы будзем наносіць ядзерныя ўдары. Формы дзеяньня будуць выбірацца ў адпаведнасьці з сытуацыяй”.

Пры гэтым Балуеўскі выказаў думку, што ваенная апэрацыя зьяўляецца крайнім спосабам барацьбы з тэрарызмам.

Расейскія ўлады ня выключаюць вэрсію, што за атакай у Бэслане стаяць чачэнскія лідэры: Аслан Масхадаў і Шаміль Басаеў. Фэдэральная служба бясьпекі РФ прызначыла 300 мільёнаў рублёў (каля 10 мільёнаў даляраў) ўзнагароды за зьвесткі, якія дапамаглі б “нэўтралізаваць” лідэраў чачэнскіх паўстанцаў, якія датычныя да акту тэрору ў Бэслане.

Між тым, маскоўскі тэлеканал НТВ паказаў відэастужку, зьнятую захопнікамі школы ў Бэслане. Фільм даўжынёю ўсяго 1 хвіліну праўдападобна паказвае першы дзень пасьля захопу школы. На ім бачна дзяцей, сагнаных ў спартовую залю. На падлозе паміж дзецьмі, а таксама на баскетбольным кошыку бачныя дроты, спалучаныя з выбуховымі прыладамі. У залі, відавочна, вельмі горача, але перапалоханыя і спатнелыя закладнікі – усё яшчэ апранутыя. Адзін з захопнікаў трымае нагу на дэтанатары, іншы ўпарадкоўвае дроты да выбуховай прылады, падобнай да куфара. Апранутая з ног да галавы ў чорнае жанчына стаіць зь пісталетам ля дзьвярэй. Зьнятыя таксама калюжыны крыві і пажар ў іншых пакоях будынку школы. На падлозе ляжыць мінамёт. Чуваць таксама, як адзін з захопнікаў, які ўсталёўвае выбуховыя прылады крычыць па расейску: “пакуль не вядзіце сюды дзяцей”. Відэазапіс заканчваецца фрагмэнтам тэлефоннай размовы не па-расейску.

Сёньня, прэзыдэнт Паўночнай Асэтыі Аляксандар Дзасохаў абяцаў, што цягам найбліжэйшых дзён ягоны ўрад падасьць у адстаўку. Адстаўкі Дзасохава патрабуюць жыхары Бэслану, якія лічаць, што акцыя вызваленьня закладнікаў была праведзеная хаатычна й непрафэсійна, і што ўлады нясуць адказнасьць за вялікую колькасьць ахвяраў тэракту.
XS
SM
MD
LG