Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юрыст АГП: Фармулёўка пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум, юрыдычна некарэктная і пярэчыць Выбарчаму кодэксу


Аляксей Знаткевіч, Прага Юрыст Міхаіл Пліска, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гаворыць, што фармулёўка пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум, юрыдычна некарэктная і пярэчыць Выбарчаму кодэксу.

(Пліска: ) “У Выбарчым кодэксе ёсьць артыкул 112, частка тры, пункт другі, дзе сказана, што пытаньні зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем з пасады прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, не выносяцца на агульнарэспубліканскі рэфэрэндум. Можна было спрачацца раней, ці мае права быць вынесеная нейкая фармулёўка абстрактна, бяз прозьвішча, і шмат хто зь юрыстаў казаў, што нават у гэтым выпадку ўсё роўна нельга, бо гэта ёсьць зьменай парадку абраньня прэзыдэнта. А тутака, калі гэтая фармулёўка ідзе ў зьвязцы з імем Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, як першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, відавочна, што гэтую фармулёўку нельга выносіць на рэфэрэндум”.

Фармулёўка пытаньня, якое выносіцца на рэфэрэндум, гучыць наступным чынам:

"Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ўдзельнічаць ў якасьці кандыдата на Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта, і ці прымаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: "Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і наўпроставага выбарчага права таемным галасаваньнем?"

Міхаіл Пліска кажа, што гэтая фармулёўка некарэктная яшчэ й таму, што удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата можа толькі той, хто сабраў 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Акрамя таго, тут фактычна два пытаньні, на якія можна даць розныя адказы – напрыклад, нехта можа выступаць за зьмену ў Канстытуцыі, але пры гэтым выступаць супраць дазволу для Аляксандра Лукашэнкі балятавацца на прэзыдэнта больш, як два разы.
XS
SM
MD
LG