Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры дэмакратычнай апазыцыі заявілі пра стварэньне адзінага супольнага фронту супраць рэфэрэндуму


Алесь Дашчынскі, Менск Такое рашэньне прынятае на кансультацыйнай нарадзе, якая адбылася ў Менску. Рух супраць рэфэрэндуму аб’яднаў прадстаўнікоў дзясяткаў грамадзкіх арганізацыяў, дэмакратычных партыяў, грамадзянскіх ініцыятываў: ад “Пяцёркі плюс” да Эўрапейскай кааліцыі й дэпутатаў групы “Рэспубліка”.

Асноўную мэту руху тлумачыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы будзем разам, мы будзем выпрацоўваць адзін супольны плян дзеяньняў і рэалізоўваць яго на практыцы. У тым ліку будзе супольная агульнанацыянальная кампанія”.

На нарадзе абмеркавана магчымасьць правядзеньня дзьвюх масавых акцыяў — адной 10 кастрычніка, напярэдадні так званага папярэдняга галасаваньня, другой 18 кастрычніка, пасьля першага туру выбараў і прызначанай даты рэфэрэндуму.

У часе прэсавай канфэрэнцыі старшыня “Народнай грамады” Мікола Статкевіч зазначыў: хаця і былі розныя плятформы і канцэпцыі, зь якімі дэмакратычныя партыі ішлі на выбары, але калі краіну пазбаўляюць дэмакратычнай пэрспэктывы, спрабуюць ператаварыць яе ў манархію, усе павінны быць разам. “Мы палітычныя аптымісты і пазытыўна ацэньваем сытуацыю”, — адзначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Апазыцыя заяўляе пра свой стратэгічны і тактычны план, які магчыма будзе ажыцьцявіць пры актыўным удзеле 65% грамадзянаў, якія выступаюць супраць неабмежаванага тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што цяпер галоўная мэта аб’яднаных дэмакратычных сілаў — эфэктыўна правесьці гэтую агульнанацыянальную кампанію абароны Канстытуцыі.

(Вячорка: ) “Нас, тых хто ня хоча чарговай ломкі канстытуцыі, хто ня хоча, каб над намі панаваў гэты чалавек, даўно ўжо большасьць. Праблема ў тым, што гэтая большасьць ня ведае, што яна большасьць. Праблема ў тым, што ў людзей няма аб’ектыўнай інфармацыі. Менавіта дзеля таго, каб данесьці праўду пра эканамічны стан у краіне, пра ступень яе міжнароднай ізаляцыі і пра тое, што мы ўжо даўно ўсе хочам пераменаў, мы і выкарыстаем наш палітычны патэнцыял”.

Гаворыць лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Мы запрашаем грамадзян Беларусі: далучайцеся да нас, кожнаму ёсьць праца. Ёсьць праца назіраць за выбарамі, за тымі, хто будзе спрабаваць фальшаваць гэтыя выбары. Я сёньня заклікаю грамадзян Беларусі: давайце ўсе разам пераможам у гэтым няпростым паядынку, пераможам сумленным шляхам, шляхам адстойваньня дэмакратыі, законных правоў грамадзян, супраць таго свавольства, якое будзе прымяняцца тымі, хто гэты рэфэрэндум распачаў”.

Меркаваньне дэпутата групы “Рэспубліка” Валерыя Фралова:

(Фралоў: ) “Мы прапануем людзям мэханізм недапушчэньня фальсыфікацыяў. Гэта аб’ёмная праца, і я ўпэўнены, што з гэтага моманту абвяшчэньня рэфэрэндуму зорка Аляксандра Рыгоравіча несупынна пакацілася ўніз. Перамога будзе за намі — гэта жалезна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG