Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дае партыям дэкрэт Лукашэнкі № 7?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 6 верасьня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч і старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Мечыслаў Грыб

(Валер Карбалевіч: ) “Дэкрэт №7 у пэўным сэнсе супярэчыць лёгіцы дзеяньняў уладаў з пачатку выбарчай кампаніі. Да гэтага часу прэзыдэнцкая вэртыкаль рабіла захады, каб не дапусьціць прадстаўнікоў партыяў неяк кантраляваць выбарчы працэс. Толькі адзінкі партыйцаў уключаныя ў склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў. Чыняцца перашкоды працы назіральнікаў. І вось Лукашэнка сваім дэкрэтам дапускае прадстаўнікоў партыяў у Цэнтральную камісію па выбарах з правам дарадчага голасу. Гаворка пра гэта ішла яшчэ напачатку лета. А зьявіўся ён толькі цяпер, калі прайшло ўжо некалькі этапаў выбарчай кампаніі. Чаму Лукашэнка пайшоў на гэты крок? Якія мэты ставяць улады, дапускаючы прадстаўнікоў партыяў да ўдзелу ў паседжаньнях Цэнтарвыбаркаму?”

(Алесь Міхалевіч: ) “На мой погляд, асноўны сэнс гэтага дзеяньня Лукашэнкі палягае ў тым, каб паказаць, найперш, Захаду напярэдадні прыбыцьця назіральнікаў АБСЭ, что ўлады адкрытыя да правядзеньня дэмакратычных выбараў. У той жа час мы бачым тое, аб чым вы казалі, што абсалютная большасьць акруговых і ўчастковых камісіяў ня маюць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. На той акрузе, дзе я балятуюся (гэта 109-я Ўручанская выбарчая акруга) з 38 чалавек, якіх мы вылучылі ва ўчастковыя камісіі, ня быў прызначаны ў камісіі не адзін.

Таму, дазволіўшы партыям вылучаць прадстаўнікоў у вышэйшы выбарчы орган — Цэнтральную камісію па выбарах — улады хочуць зьмінімізаваць адмоўныя для іх наступствы ад выцісканьня апазыцыянэраў з выбарчых камісіяў ніжэйшых узроўняў. У той жа час усе мы ведаем, што асноўныя фальсыфікацыі адбываюцца на ўзроўні ўчасткаў. І сябра Цэнтарвыбаркаму з дарадчым голасам ня зможа рэальна ўплываць на вызначэньне вынікаў выбараў на выбарчых ўчастках”.

(Мечыслаў Грыб: ) “Прыняцьцё гэтага дэкрэту зьяўляецца станоўчаю справаю. Але існуе знакамітае беларускае слова “але”. Найперш, як вы ўжо адзначылі, гэты дэкрэт прыняты занадта позна. Выбарчая кампанія прайшла цэлы шэраг стадыяў. Створаныя акругі і ўчасткі, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі. І ўся справа перададзеная на ўзровень гэтых камісіяў. Менавіта яны будуць усё вырашаць. І гэты працэс ужо пайшоў.

А сэнс прыняцьця гэтага дэкрэту шмат у чым прапагандысцкі. Улады спрабуюць прадэманстраваць спробы дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Але новыя сябры Цэнтарвыбаркаму ня змогуць кантраляваць працу акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў. Яны будуць засядаць у Цэнтральнай выбарчай камісіі, выказваць сваю думку. Але калі яны будуць занадта настойліва нешта патрабаваць, то, як сказала старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў тэлеінтэрвію, іх могуць адтуль і папрасіць. Таму з аднаго боку, гэта станоўчы крок, а зь іншага боку, гэта прапагандысцкі крок, каб надаць выбарчаму працэсу больш прывабны выгляд”.

(Карбалевіч: ) “Што дае апазыцыйным партыям гэты дэкрэт? Наколькі вялікія правы ў сябраў Цэнтарвыбаркаму з дарадчым голасам? Як можна выкарыстаць гэтыя правы?”

(Міхалевіч: ) “Мне падаецца, новы дэкрэт дае палітычным партыям даволі шмат новых магчымасьцяў. Па-першае, прадстаўнікі партыяў могуць выказваць на паседжаньнях Цэнтарвыбаркаму свае погляды на тыя ці іншыя справы, рабіць звароты, ставіць пытаньні. Зь іх дапамогаю зьяўляюцца новыя магчымасьці даводзіць да грамадзтва факты парушэньняў уладамі выбарчага заканадаўства. Гэта новы мэханізм давядзеньня да насельніцтва думкі, што выбары не былі свабоднымі й дэмакратычнымі.

Таксама новыя сябры Цэнтарвыбаркаму могуць кантраляваць ход правядзеньня выбараў на некаторай колькасьці акругаў і ўчасткаў. Пасьведчаньне сябра Цэнтарвыбаркаму нават з дарадчым голасам для акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў можа служыць дакумэнтам, які яны будуць успрымаць, даваць інфармацыю, больш ахвотна ісьці на кантакт. Гэта ўсё, чым могуць гэтыя людзі быць карыснымі для палітычных партыяў”.

(Грыб: ) “Важна тое, што палітычная апазыцыя ў нейкім сэнсе пераходзіць з пазасыстэмнай апазыцыі ў сыстэмную. Калі партыі накіруюць у Цэнтарвыбаркам падрыхтаваных і адукаваных людзей, то яны могуць эфэктыўна выкарыстаць свае правы. Зразумела, іх там будзе няшмат. Пяць, сем ці нават дзесяць чалавек ня змогуць кантраляваць ход выбараў па ўсіх выбарчых участках, якіх у нас каля 7 тысяч. Акрамя дапамогі канкрэтным кандыдатам, прадстаўнікі партыяў могуць вывучыць сыстэму працы Цэнтарвыбаркаму, ягоную кухню. Таму нейкая карысьць ад іх павінна быць”.

(Карбалевіч: ) “Якія наступствы можа мець гэты дэкрэт, асабліва, калі будзе аб’яўлены яшчэ і рэфэрэндум?”

(Міхалевіч: ) “Гэты дэкрэт істотна зьмяніць сытуацыі ня можа. Некалькі чалавек, якімі бы падрыхтаванымі й адукаванымі яны ні былі, ня змогуць кантраляваць ход выбараў. Але кансалідаваная пазыцыя прадстаўнікоў усіх партыяў дазваляе прапагандаваць сапраўдныя вынікі выбараў і магчымага рэфэрэндуму. Яны могуць зьвярнуць увагу і міжнароднай грамадзкасьці, і беларусаў на тыя шматлікія парушэньні, якія ўжо былі, рыхтуюцца і, я перакананы, будуць мець месца”.

(Грыб: ) “Па-першае, дазвол прадстаўнікам партыяў удзельнічаць у працы Цэнтарвыбаркаму дазволіць уладам заявіць, што выбары былі дэмакратычнымі. А тое, што гэтыя прадстаўнікі ня мелі вырашальнага голасу, згадваць ня будуць. І калі адбудзецца рэфэрэндум, а я мяркую, што ён адбудзецца, то можна будзе сказаць, што ён адбыўся з удзелам апазыцыйных партыяў. На мой погляд, прадстаўнікам палітычных партыяў у Цэнтарвыбаркаме трэба аб’яднацца і выступаць з адзінай узгодненай пазыцыяй. І ў такім разе гэта створыць пэўныя цяжкасьці для Цэнтарвыбаркаму фальсыфікаваць вынікі выбараў. А калі яны будуць дзейнічаць паасобку, то сёньня аднаго прадстаўніка выганяць з паседжаньня, заўтра — другога, і так да канца. А калі яны будуць дзейнічаць разам, апэляваць да закону, то іхная дзейнасьць будзе мець плён”.

(Міхалевіч: ) “Як сказана ў гэтым дэкрэце, пасьля заканчэньня гэтых выбараў у Палату прадстаўнікоў, сябры Цэнтарвыбаркаму з дарадчым голасам спыняюць свае паўнамоцтвы. Для нас, канечне, мы гэтага не хаваем, галоўнымі будуць прэзыдэнцкія выбары. Лукашэнка гэта таксама цудоўна разумее. Таму ён уключыў прадстаўнікоў партыяў у Цэнтарвыбаркам падчас такіх выбараў, у якіх Цэнтарвыбаркам мае найменшыя паўнамоцтвы. Калі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, я чамусьці ўпэўнены, што нашыя прадстаўнікі ў гэты орган уключаныя ня будуць”.

(Грыб: ) “Справа ў тым, што партыі актыўна ўдзельнічаюць у выбарах дэпутатаў. Яны могуць вылучаць сваіх кандыдатаў ад партыяў. Але ў прэзыдэнцкіх выбарах, паводле закону, партыі, фактычна, не бяруць удзелу. Для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты ёсьць толькі адзін шлях — збор подпісаў (100 тысяч). Таму ўлады скажуць партыям: вы не бераце ўдзелу ў выбарах, таму вам няма чаго рабіць у Цэнтарвыбаркаме”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, улады хочуць прадэманстраваць беларускай і эўрапейскай грамадзкасьці дэмакратычнасьць беларускіх выбараў. Хоць правы новых сябраў Цэнтарвыбаркаму і абмежаваныя, выкарыстаць іх можна так, што вынік можа быць адваротны плянам уладаў. Перашкодзіць рашэньням Цэнтарвыбаркаму прадстаўнікам партыяў ня ўдасца. Але ў прысутнасьці журналістаў можа выкрыць недэмакратычнасьць выбараў і давесьці гэтыя высновы да насельніцтва”.
XS
SM
MD
LG