Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 верасьня – Дзень беларускай вайсковай славы


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 8 верасьня

8 верасьня неафіцыйна адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы. Нагодаю для гэтага сьвята стала Аршанская бітва 1514 году, у якой гетман Канстанцін Астроскі са сваім 30-тысячным войскам разьбіў 80-тысячную маскоўскую армію. Пабоішча адбылося на рацэ Крапіўне каля Воршы і стала хрэстаматыйнай бітвай эўрапейскага сярэднявечча. Афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусі імкнуцца не заўважаць той перамогі, якая нібыта можа нашкодзіць беларуска-расейскім дачыненьням. З ідэалягічных меркаваньняў маўчыць пра беларускую перамогу і расейская гістарыяграфія, у якой сказана, што 8 верасьня 1514 году расейскія войскі пад Воршай былі разьбітыя літоўцамі. Між тым, у сучаснай літоўскай гістарыяграфіі гэтая дата і гэтая падзея адсутнічае ўвогуле.

І яшчэ адно гістарычнае рысталішча, якое адбылося 8 верасьня ў 1380 годзе. Гэта – Кулікоўская бітва, перамога расейскага войска над татарамі. Цікава, што нашыя продкі выступалі ў той бітве з двух бакоў. Разам з маскоўскім войскам змагаліся полацкі і друцкі палкі. А на дапамогу татарскаму хану Мамаю рушыла беларускае войска князя Ягайлы – праўда, у бітву яно так і не ўступіла.

8 верасьня 1708 году на загад расейскага цара Пятра І быў спалены Магілёў. Зрабілі гэта калмыцкія й татарскія палкі. Спаленьне гораду было актам помсты за паўстаньне магілёўцаў, якія за адну ноч выразалі ў Магілёве ўвесь расейскі гарнізон.

І яшчэ адна падзея, таксама зьвязаная з войскам. 8 верасьня 1992 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбылася прысяга на вернасьць бацькаўшчыне вялікага мноства дзейных афіцэраў і афіцэраў запасу. Былыя савецкія вайскоўцы такім чынам станавіліся абаронцамі Беларусі. Наладзіла прысягу Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 8 верасьня ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскага караля Рычарда І, празванага Ільвіным Сэрцам, чэскага кампазытара Антаніна Дворжака і беларускага паэта Анатоля Грачанікава.
XS
SM
MD
LG