Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У крычаўскай бандзе былі сыны нябедных людзей


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Горад Крычаў, што на ўсходзе Магілёўшчыны, поўніцца чуткамі і пагалоскамі. Днямі тут затрымалі злачынную групоўку. Паводле кароткага афіцыйнага паведамленьня, маладыя людзі рабавалі і забівалі людзей. Крычаўляне хочуць ведаць падрабязнасьці, аднак мясцовыя дзяржаўныя выданьні гэтую вострую тэму не закранаюць. Маўчаньне і нараджае пагалоскі. Што сёньня вядома наконт крычаўскай банды?

Крычаў цяпер інакш як “маленькім Чыкага” не называюць. І словы гэтыя прыпісваюць Аляксандру Лукашэнку, які колькі гадоў таму, недзе напрыканцы 90-х, ахарактарызаваў гэткім чынам раённы цэнтар пасьля забойства ў ім расейскага прадпрымальніка. Цяпер у гэтым невялікім горадзе выявілі цэлую банду.

Апошнюю інфармацыю (яна адрозьніваецца ад першых зьвестак) паведаміў учора прэсавы цэнтар Магілёўскай абласной управы ўнутраных спраў. Затрыманая злачынная групоўка ў складзе 9 чалавек. Яны – жыхары Крычаўскага й Бялыніцкага раёну, узрост – ад 19 да 22 гадоў. На працягу трох гадоў яны ўчынялі ў Менскай і Магілёўскай абласьцях забойствы, разбойныя напады, крадзяжы, угоны аўтатраснпарту. Цяпер даказана, што людзі, якіх днямі затрымалі, учынілі тры забойствы і зьбілі чалавека, які потым памёр. Расьсьледаваньне працягваецца.

А што гавораць пра банду ў Крычаве, якія меркаваньні выказваюць жыхары райцэнтру пра гэтую справу? Больш за ўсё цяпер тут гавораць пра тое, што ўдзельнікі банды рабавалі і забівалі ня дзеля кавалку хлеба, каб паесьці. У бандзе былі сыны нябедных людзей – гаворыць адзін з супрацоўнікаў крычаўскай недзяржаўнай газэты “Вольны горад” Сяржук Няроўны.

(Няроўны: ) “Паводле нашай інфармацыі, гэта былі даволі забясьпечаныя хлопцы. Хтосьці займаўся рамонтам машынаў, спортам, даволі ўдалае жыцьцё было. Гэта не былі самыя люмпэнізаваныя слаі крычаўскага насельніцтва, вось што цікава”.

Нягледзячы на тое, што афіцыйная інфармацыя пра банду вельмі сьціплая, усё роўна гэтыя зьвесткі сталі для крычаўцаў шокам. Чаму так – тлумачыць Сяржук Няроўны:

(Няроўны: ) “Крычаў – гэта не такі вялікі горад, усе ўсіх ведаюць, ведаюць іх бацькоў. Гэта былі шок і зьдзіўленьне. Ніхто ня ведаў, што ягоны сусед можа быць, напрыклад, у такой бандзе, якая на працягу 3-х гадоў будзе гастраляваць па ўсёй Беларусі і забіваць людзей”.

Лічылася, што арганізаваная злачыннасьць – гэта якраз уласьцівасьць вялікіх гарадоў. Там, дзе прасьцей за ўсё схавацца, бо нават суседзі ня ведаюць адзін аднаго. Цяпер, відаць, разьяднанасьць людзей напаткала і маленькія гарады, мястэчкі.

Аднак крычаўцы гавораць, што гэта ня столькі разьяднанасьць, бо ў правінцыі сапраўды не схаваесься ад цікаўнасьці суседзяў і знаёмых, колькі боязь. На гэта зьвярнуў увагу рэдактар іншага недзяржаўнага крычаўскага выданьня “Наша слова” Лявон Сьвецік:

(Сьвецік: ) “Страх – гэта частка нашага жыцьця. Пасьля сэрыі рабаўніцтваў міліцыя прасіла, каб дапамаглі злавіць злачынцаў. Але ж людзі не адрэагавалі. Я мяркую, што баяцца – страх зьяўляецца не апошнім матывам маўчаньня людзей. Яны адчуваюць, што ня будуць абароненыя ўладай, калі пойдуць на супрацоўніцтва зь міліцыяй”.
XS
SM
MD
LG