Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сфэра ўжытку беларускай мовы ў параўнаньні з кебічаўскімі часамі значна звузілася


Юлія Шарова, Менск 8 верасьня адзначаюцца Міжнародны дзень салідарнасьці журналістаў ды Міжнародны дзень распаўсюду пісьменнасьці. Беларуская журналістыка й беларускае пісьменства сёньня па сутнасьці сутыкаюцца з аднымі й тымі ж праблемамі: беларускую мову ўжываюць усё меней, а беларуская незалежная прэса адчувае ўсё большы ціск з боку ўладаў.

Напярэдадні сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства ў Тураве міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч заявіў пра тое, што Беларусь ужо нават перанасычаная друкаванымі выданьнямі, а прадстаўнікі Міністэрства адукацыі перад новым навучальным годам адрапартавалі, быццам амаль палова школаў у краіне беларускамоўныя. Якая рэальнасьць хаваецца пад гэтымі аптымістычнымі заявамі?

Беларускамоўныя школы знаходзяцца пераважна ў вёсках ды мястэчках, а гарадзкія дзеці часьцей вымушаныя абіраць мовай навучаньня расейскую. Беларускі ліцэй зачынены, Беларускі ўнівэрсытэт найбліжэйшым часам дакладна не адчыніцца.

На думку намесьніка галоўнага рэдактара газэты “Наша ніва” Андрэя Скурко, сфэра ўжытку беларускай мовы значна звузілася ў параўнаньні з кебічаўскімі часамі, калі нават кіроўцам тралейбусаў прыплачвалі за абвяшчэньне прыпынкаў па-беларуску. А беларуская незалежная прэса ня можа канкураваць з багатымі расейскімі выданьнямі, ёй цяжка раскручвацца, да таго ж ёсьць відавочныя перашкоды, якія чыніць дзяржава: ад судоў і канфіскацыяў да эканамічнага прэсінгу.

Мэдыяў у краіне нямала, але яны ня радуюць беларусаў разнастайнасьцю. Напрыклад – радыёстанцыі, кажа спадар Скурко:

(Скурко: ) “Новыя FM-станцыі, якія адчыняюцца, яны выглядаюць так, нібыта гэта адна FM-станцыя адчыняе ўсё новыя й новыя свае філіі. Яны ў большасьці сваёй пераважнай скіраваныя на адну мэтавую групу, і гэтая мэтавая група, на жаль, расейскамоўная. На іх адна й тая ж музыка, нейкі падбор інфармацыі, альбо ягоная адсутнасьць у навінах”.

Андрэй Скурко кажа, што значная частка беларускіх чытачоў і слухачоў застаецца абдзеленай. Сапраўды: калі радыёстанцыі круцяць адну й тую ж музыку, то газэты, большасьць якіх дзяржаўныя, падаюць пункт гледжаньня толькі аднаго палітыка.

Часам кіраўнікі тых жа радыёстанцыяў гавораць, што выбіраюць расейскую мову вяшчаньня, бо на ёй дачыняецца большая частка беларусаў. Год таму Беларуская дзяржаўная тэлевізія адмовілася ад беларускай мовы ў навінах, спасылаючыся на дадзеныя маркетынгавых дасьледаваньняў. Ці сапраўды тут сталі значную ролю адыгрываць эканамічныя, а не палітычныя чыньнікі?

Сябра праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў Ілона Ўрбановіч лічыць, што ад беларускай мовы мэдыі адмаўляюцца ўсё ж з палітычных прычынаў, а не таму, што сама мова неяк адпужвае публіку.

(Урбановіч: ) “Ёсьць шмат прыкладаў, калі на рынку зьяўляецца беларускамоўны прадукт і знаходзіць свайго чытача. Дастаткова прыгадаць кніжку Ўладзімера Арлова “Краіна Беларусь”, якая мела велізарны посьпех. Як толькі беларуская тэлевізія будзе ў стане зрабіць якасны прадукт на беларускай мове, то яна здолее захаваць, а магчыма нават і павялічыць колькасьць сваіх гледачоў”.

Дарэчы, са словаў спадарыні Ўрбановіч, за апошні год колькасьць недзяржаўных выданьняў, што выходзяць на беларускай мове, фактычна не зьмянілася.
XS
SM
MD
LG