Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыі культурных, рэлігійных і грамадзкіх дзеячоў на абвяшчэньне рэфэрэндуму


Валер Каліноўскі, Менск Як успрынялі рашэньне Аляксандра Лукашэнкі наконт рэфэрэндуму прадстаўнікі эліты беларускага грамадзтва – тыя людзі, да меркаваньня якіх звычайна прыслухоўваюцца? Зь некаторымі непалітычнымі дзеячамі гутарыў наш карэспандэнт.

Паэт Генадзь Бураўкін, відаць, выказаў думку многіх: усе рэфэрэндуму чакалі, але ўсё ж мелі нейкі спадзеў, што ён, можа, ня будзе прызначаны. Цяпер няма ніякіх ілюзіяў:

(Бураўкін: ) “Нарэшце беларускі народ павінен адназначна зразумець, што ён будзе вызначаць сваё жыцьцё на доўгі час, бо зьняцьцё абмежаваньня тэрміну знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта – гэта значыць пажыцьцёвае жаданьне быць на гэтай пасадзе кіраўніка. Таму трэба думаць усім беларусам, чаго яны хочуць, якую краіну яны хочуць мець, як выглядаць у сьвеце. Усё гэта цяпер будзе залежаць ад іх непасрэдна”.

Генадзь Бураўкін заўважыў, што ў сваім выступе Аляксандр Лукашэнка падкрэсьліваў свае асабістыя заслугі, мала кажучы пра працу ўсяго народа.

(Бураўкін: ) “Я не люблю, калі людзі, якія клянуцца ў нечым, пасьля лёгка гэта адкідаюць. Аляксандар Рыгоравіч кляўся на тэксьце Канстытуцыі. Аляксандар Рыгоравіч уносіў у Канстытуцыю папраўкі, якія ўмацоўвалі яго ўладу. Аказваецца, усё яшчэ мала. Гэта ўжо, даруйце, прыступка да манархіі, прыступка да пажыцьцёвага ўладараньня”.

Кіраўнік саюза Хрысьціянаў веры Эвангельскай Беларусі Сяргей Хоміч не рабіў доўгатэрміновых прагнозаў, падкрэсьліўшы толькі адно:

(Хоміч: ) “Мы лічым, што трэба датрымліваць Канстытуцыю ўсім без выключэньня, вялікім і малым. Канстытуцыя ясна вызначыла тэрмін. А калі мы пачнем зьмяняць Канстытуцыю, дык з гэтага можа выйсьці шкода. Ня толькі гэты артыкул, а яшчэ які іншы. Я прыхільнік таго, што Канстытуцыя павінна быць непахіснай, непарушальнай нікім”.

Жонка аднаго са зьніклых апанэнтаў цяперашняй улады Ірына Красоўская зазначыла, што яна не паверыла словам А. Лукашэнкі, а большасьць простых людзей не зразумела сутнасьці пытаньня. Чарговая перамога Лукашэнкі на рэфэрэндуме будзе азначаць для Беларусі вяртаньне ў мінулае, кажа спадарыня Красоўская:

(Красоўская: ) “Гэта будзе катастрофа з мовай, з эканомікай, і больш за ўсё – з маральнымі прынцыпамі. Ён сёньня гаварыў пра тэрарызм – а навошта тэрарызм у гэтай краіне, калі можна проста ўзяць, стварыць эскадроны сьмерці, ціха забіць людзей і ня несьці за гэта ніякай адказнасьці? Пры Лукашэнку ніякіх пэрспэктыў у нашых людзей няма”.

Ірына Красоўская не падзяляе ўпэўненасьці А. Лукашэнкі наконт эканамічных і іншых посьпехаў Беларусі. А адзін зь лідэраў габрэйскай грамады Беларусі Якаў Басін заўважыў істотны момант: Лукашэнка задаў на рэфэрэндум не адно пытаньне, а два:

(Басін: ) “Першае пытаньне – ці дазваляе яму народ ісьці на галасаваньне, а другое – ці згодны ён з выбарчым правам наконт таго, каб прэзыдэнт абіраўся усеагульным, тайным і г.д. галасаваньнем. Прычым два пытаньні ў адным пункту. І на кожны зь іх чалавек можа даць два розныя адказы. Прыпусьцім, што я не хачу, каб Лукашэнка ішоў яшчэ на адзін тэрмін, але згодны з тым, што прэзыдэнта ў прынцыпе трэба абіраць тайным усеагульным і гэтак далей галасаваньнем. Альбо наадварот. То бок, фактычна адбываецца адкрытая падстаўка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG