Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Захаду камэнтуюць рашэньне Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум пра падаўжэньне ўласных паўнамоцтваў


Юры Сьвірко, Менск Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі правоў чалавека Аарон Роўдз і сябра ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс асуджаюць гэтае рашэньне ды кажуць, што рэфэрэндум будзе несправядлівым. Назіральнікі АБСЭ заяўляюць, што ня будуць сачыць адмыслова за рэфэрэндумам.

Выканаўчага дырэктара Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі правоў чалавека Аарона Роўдза найбольш уразіла заява Аляксандра Лукашэнкі пра стабільнасьць у краіне ды адсутнасьць ахвяраў тэрарызму ў Беларусі.

(Роўдз: ) “Можа быць, што ніводзін беларус не загінуў у тэрарыстычнай атацы, але некалькі беларусаў зьніклі з прычыны таго, што іх палітычныя погляды былі выклікам для прэзыдэнта Лукашэнкі. Шмат якія іншыя беларусы пацярпелі ў выніку палітычна матываваных абвінавачаньняў і несправядлівых судовых працэсаў, палітычныя партыі спынілі існаваньне, дзейнасьць абаронцаў правоў чалавека сувора абмежаваная”.

Са спадаром Роўдзам цалкам салідарны сябра ПАРЭ аўтар дакладу “Зьніклыя асобы ў Беларусі” Хрыстас Пургурыдэс, які дадаў:

(Пургурыдэс: ) “Але гэта не адзіная праблема, якая тычыцца спадара Лукашэнкі. Відавочна, што лёс зьніклых асобаў вельмі важны, але й акрамя таго мы маем перасьлед прэсы, мы маем дэфіцыт дэмакратыі, мы маем амаль усе парушэньні ўсіх правоў чалавека ў краіне. І таму ён ня мае маральнага права заставацца пры ўладзе”.

Адразу пасьля тэлезвароту Аляксандра Лукашэнкі Хрыстас Пургурыдэс таксама заявіў:

(Пургурыдэс: ) “Мая першая рэакцыя – гэта цалкам непрымальна. Спадар Лукашэнка мусіць зразумець, што ён ня можа заставацца ўва ўладзе, нягледзячы на ўсе трукі, якія ён зьбіраецца зрабіць. Ён павінен зразумець, што ў інтарэсах народу Беларусі тое, каб ён адмовіўся ад улады, дазволіў дэмакратыі функцыянаваць у ягонай краіне. Ягоная прысутнасьць ува ўладзе прадухіляе тое, каб дэмакратыя працавала ў Беларусі. І гэта будзе працяглы час трымаць Беларусь у ізаляцыі ад усяго іншага сьвету”.

А як адрэагавала на абвешчаньне рэфэрэндуму кіраўніца місіі АБСЭ ў справе назіраньня за выбарамі амбасадарка Одры Главэр?

(Главэр: ) “Нас запрасілі назіраць за парлямэнцкімі выбарамі. Цяпер мы разглядаем усю гэтую сытуацыю, і магу прапанаваць вам толькі патэлефанаваць пазьней на гэтым тыдні”.

Аднак прэсавая сакратарка Варшаўскага бюро АБСЭ Урдур Гунарсдотыр сказала Радыё Свабода:

(Гунарсдотыр: ) “Мы будзем глядзець на рэфэрэндум у пляне яго ўплыву на парлямэнцкія выбары. У нашу справаздачу мы будзем уключаць любую спасылку на рэфэрэндум, калі ён уплывае на выбары. Нас не запрашлі беларускія ўлады назіраць за рэфэрэндумам. І збольшага мы канцэнтруемся на выбарах — значна менш увагі надаем рэфэрэндумам”.

Адказны за мас-мэдыя супрацоўнік місіі назіраньня за выбарамі АБСЭ Марэк Мрачка сказаў наступнае:

(Мрачка: ) “Мы тут не для таго, каб камэнтаваць штодзённыя падзеі й рэчы. Я ведаю, што гэтыя рэчы, вядома, вельмі сур’ёзныя й важныя, але трэба даць місіі назіраньня за выбарамі пэўны час. Так, была сустрэча паміж нашай місіяй і Цэнтрвыбаркамам учора раніцай. Мы тут для таго, каб назіраць за выбарамі. Гэта было прычынай таго, што нас запрасілі назіраць. І мы тут для таго, каб ацаніць выбарчы працэс”.

На фотаздымку: Сябра ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс
XS
SM
MD
LG