Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі сьведчаць – ва ўчастковыя выбарчыя камісіі патрапіла меней як 0,2% прадстаўнікоў апазыцыі


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі незалежнага назіраньня за хадой перадвыбарчай кампаніі, якія атрымалі зьвесткі аб складзе ўсіх участковых выбарчых камісіяў Беларусі, сьведчаць, што колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў у іх — меней за 0,2%.

Ва ўчастковыя камісіі, колькасьць якіх складае 6659, уваходзяць дзясяткі тысяч чалавек. Аднак толькі ў асобных раёнах у склад гэтых камісіяў патрапілі некалькі прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, сьведчыць кіраўнік агульнабеларускай кампаніі незалежнага назіраньня за выбарамі Мікола Астрэйка. З вынікаў аналізу складу ўчастковых камісіяў назіральнікамі вынікае, што доля прадстаўнікоў апазыцыі ў іх у дзесяць разоў меншая, чым у акруговых камісіях. Гаворыць кіраўнік незалежнага назіраньня Мікола Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Калі ў акруговыя выбарчыя камісіі прадстаўнікі незалежных грамадзкіх аб’яднаньняў, прадстаўнікі партыяў яшчэ ўвайшлі ў невялікай колькасьці, усё ж такі 2% ёсьць, то ва ўчастковых камісіях гэты працэнт значна-значна меншы. Прыкладна ў дзесяць разоў”.

Мікола Астрэйка зазначае таксама пра адсутнасьць афіцыйных тлумачэньняў прадстаўнікоў выканкамаў, якія ігнаравалі палітычныя партыі пры фармаваньні выбарчых камісіяў, а таксама пра недахоп галоснасьці ў гэтай справе. Дагэтуль не апублікаваныя ўсе сьпісы камісіяў.

Гэткую лічбу долі сябраў палітычных партыяў у складзе ўчастковых камісіяў (0,2%) называюць і ў праваабарончым цэнтры “Вясна”.

У грамадзкую арганізацыю “Партнэрства”, якая каардынуе агульнанацыянальную кампанію незалежнага назіраньня, паступілі зьвесткі аб фармаваньні ўсіх участковых выбарчых камісіяў краіны. Як кажа лідэр арганізацыі Мікола Астрэйка, іх аналіз сьведчыць, што прадстаўнікоў палітычных партыяў у іх складзе ўсяго каля 0,2%. Працэдуру фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў райвыканкамамі ніяк нельга назваць дэмакратычнай і законнай, — зазначае Мікола Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Па-першае, усе гэтыя адмовы неабгрунтаваныя, людзям не тлумачаць, чаму іх не ўключылі ў склад участковых выбарчых камісіяў. У любым выпадку гэтыя камісіі не прадстаўляюць усяго спэктру беларускага грамадзтва. Таму што там прадстаўленыя людзі, якія працуюць ці то ў бюджэтнай сфэры, ці то неяк інакш залежаць ад органаў, якія фармавалі камісіі”.

Паводле Міколы Астрэйкі, відавочнае парушэньне Выбарчага кодэксу выканкамамі ў тым, што ў многія камісіі прызначаныя людзі, якія працуюць на адным прадпрыемстве — прычым кіруюць імі ў камісіях прадстаўнікі іхнай жа вытворчай адміністрацыі.

Асобна аналіз складу ўчастковых выбарчых камісіяў праводзіцца і ў праваабарончым цэнтры “Вясна”. Іх лічбы супадаюць з агучанымі спадаром Астрэйкам. Прадстаўнік “Вясны” Ўладзімер Лабковіч гэтак ацаніў прычыны такіх паводзінаў уладаў пры фармаваньні камісіяў:

(Лабковіч: ) “Менавіта гэтыя ўчастковыя камісіі зьдзяйсьняюць фактычную маніпуляцыю выбарчага працэсу і волевыяўленьня грамадзянаў. Яны зьяўляюцца такой як бы сьвятарнай каровай рэжыму, той выбарчай сыстэмы, якая ў нас склалася. Допуск апазыцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі нават на адным участку гаратнуе пры дасьведчанасьці гэтых людзей і іхнай матывацыі, што яны могуць забясьпечыць немагчымасьць грубых і яўных фальсыфікацыяў”.

Уладзімер Лабковіч лічыць, што ўладам склад участковых камісіяў больш важны, чым склад Цэнтарвыбаркаму, асабліва напярэдадні магчымага рэфэрэндуму аб трэцім прэзыдэнцкім тэрміне Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG