Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віктар Івашкевіч: “Прысуд Леванеўскаму і Васільеву — дэманстратыўная рэпрэсія”


Алесь Дашчынскі, Менск Віктар Івашкевіч і Павал Мажэйка, якія адбывалі пакараньне за абразу прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, адзначаюць жорсткасьць прысуду, вынесенага Валеру Леванеўскаму і Аляксандру Васільеву.

У 2002 годзе журналіст “Пагоні” Павал Мажэйка быў асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі за абразу прэзыдэнта. З гэтага тэрміну ён правёў на “хіміі” сем месяцаў, а пасьля быў выпушачаны на волю па амністыі. Каля году адбываў пакараньне на “хіміі” й рэдактар “Пагоні” Мікола Маркевіч. Павал Мажэйка аб прысудзе Валерыю Леванеўскаму і Аляксандру Васільеву:

(Мажэйка: ) “Я параўноўваю гэты прысуд, гэты ўвесь працэс з нашым зь Міколам Маркевічам, толькі ён у пэўных момантах больш жорсткі. Яшчэ больш надуманыя вінавачаньні з боку пракуратуры, дзе яны, аказваецца, пазналі прэзыдэнта ў словах “хтосьці” і “гуляе ў хакей”. Гэта шок для мяне. Фарс — іначай я не магу назваць гэты працэс. Гэты прысуд — самае яскравае цьверджаньне таго, што ў гэтай краіне нічога так проста мяняцца ня будзе. У 2006 годзе прэзыдэнцкія выбары, а Леванеўскі з Васільевым маглі зарганізаваць тут прадпрымальнікаў, выставіць палітычныя патрабаваньні. Магчыма, гэта адна з прычын такога жорсткага прысуду”.

За спробу ўзьвесьці паклёп на прэзыдэнта Лукашэнку галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч быў асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі. З гэтага тэрміну ён правёў на “хіміі” год. Як Віктар Івашкевіч ставіцца да цяперашняга прысуду Валерыю Леванеўскаму і Аляксандру Васільеву?

(Івашкевіч: ) “Натуральна, гэта дзікасьць. Карацей, дэманстратыўная рэпрэсія, незаконная, а тое, што такая жорсткая, дэманструе, наколькі цяпер няпэўная сытуацыя ў прэзыдэнта і наколькі ён гатовы жорстка душыць сваіх апанэнтаў. Гэта дэманстрацыя ўсім: маўляў, глядзіце — цацкацца ня будзем, ужо “хіміямі” не абыдзецеся: за калючым дротам, сабачкі гаў-гаў. Вядома, гэта нашмат горш, чым гэта было ў нас з Маркевічам і Мажэйкам”.
XS
SM
MD
LG