Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе тэма звароту Аляксандра Лукашэнкі да нацыі?


Юры Сьвірко, Менск А 9-й вечара ў аўторак усе чатыры беларускія тэлеканалы — БТ, “Лад”, ОНТ і СТВ — будуць трансьляваць зварот кіраўніка дзяржавы. У анонсах тэма гэтага звароту не паведамляецца, аднак прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч заявіла Радыё Свабода, што размова будзе ісьці пра апошнія тэракты ў Расеі.

Пра тое, што 7 верасьня а 21-й гадзіне Аляксандар Лукашэнка выступіць са зваротам да беларускага народу, паведаміла агенцтва БелТА. Пра тэму выступу нічога не паведамляецца. Супрацоўнік расейскага “Першага каналу” Павал Шарамет спаслаўся на свае крыніцы ў Нацтэлерадыёкампаніі ды заявіў, што ў звароце Аляксандар Лукашэнка будзе гаварыць пра рэфэрэндум наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну.

Аднак у Беларусі, як і ў Расеі, працягваюцца жалобныя мерапрыемствы з нагоды тэрактаў у горадзе Бэслане. Я патэлефанаваў прэсавай сакратарцы спадара Лукашэнкі Натальлі Пяткевіч і спытаўся: “Якой будзе тэма звароту кіраўніка дзяржавы — Бэслан ці нешта іншае?”

(Пяткевіч: ) “Бэслан”.

Калі я сказаў, што спадар Шарамет і беларускія апазыцыянэры заяўляюць пра мажлівасьць абвешчаньня рэфэрэндуму аб трэцім прэзыдэнцкім тэрміне, спадарыня Пяткевіч заявіла:

(Пяткевіч: ) “Гэта іхная справа, напэўна”.

Натальля Пяткевіч дадала, што такімі зьвесткамі — пра намер Аляксандра Лукашэнкі абвесьціць рэфэрэндум — не валодае.

***

Сёньня кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў, а таксама міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў наведалі расейскую амбасаду ў Менску і правялі там некалькі гадзінаў. Таксама з крыніцаў, якія заслугоўваюць даверу, стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка мае два варыянты свайго тэлевізійнага звароту. У адным зь ім гаворыцца пра рэфэрэндум, у іншым – не. Які з гэтых варыянтаў прагучыць зараз у эфіры Беларускага тэлебачаньня, мы даведаемся літаральна ў гэтыя хвіліны.
XS
SM
MD
LG