Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс твораў юных літаратараў на тэмы беларускай гісторыі не падабаецца ўладам


Валянціна Аксак, Менск “Нашчадкі змагарнай славы” – так называецца кніга, якую склалі творы пераможцаў аднайменнага дзіцячага конкурсу, арганізаванага міжнародным грамадзкім аб’яднаньнем “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. У яе ўвайшлі творы юных літаратараў, прысьвечаныя Тадэвушу Касьцюшку, Кастусю Каліноўскаму, героям Аршанскае бітвы ды іншым змагарам за незалежную Беларусь.

Ільга сказаць, што сярод юных пісьменьнікаў ёсьць нашчадкі славы Ўладзімера Караткевіча. 10 – 12-гадовыя аўтары ўражваюць ня толькі веданьнем падзеяў айчыннае гісторыі ды жыцьцяпісу славутых змагароў, але й літаратурнымі здольнасьцямі. Абсалютна ўсе – самадастатковыя ў традыцыйных жанрах. Але з 31 аўтара я ўсё ж дазволю сабе вылучыць твор 14-гадовага Яўгена Грыневіча з Менску, які напісаны ў форме нібыта ацалелага дзёньніка невядомага паўстанца 1863 году.

Дзіцячыя творчыя конкурсы Згуртаваньне беларусаў сьвету праводзіць ужо пяты год. Ці шмат школьнікаў у іх удзельнічае? Павялічваецца ці памяншаецца раз ад разу іх колькасьць? Вось што адказала мне на гэтае пытаньне арганізатарка конкурсу, старшыня згуртаваньня Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Тыя дзеці, якія ўжо ўдзельнічалі ў мінулых конкурсах, і нават калі ў іх не атрымалася прайсьці, яны ўсё ж такі спрабуюць свае сілы на наступны год. Гэта першае. Па-другое, усё роўна з году ў год з намі ідзе тая ж колькасьць удзельнікаў, якая была самы першы раз. Адзінае, што ў нас спэцыяльна ўстаноўленыя межы ўзроставыя, каб не ўвесь час працаваць з аднымі і тымі ж дзецьмі. Па-трэцяе, конкурс пашыраецца – гэта зразумела, таму што калі з адной вёсачкі перамог адзін хлопчык, то на наступны год з гэтай вёсачкі ці з гэтага раённага цэнтру піша ўжо некалькі вучняў”.

Конкурс школьнікаў праводзіць грамадзкая арганізацыя. А як рэагуюць на гэта афіцыйныя дзяржаўныя структуры? Да сёлета прамых перашкодаў не было, але інфармацыйная блякада конкурсу ўжо наладжаная. Вось што распавяла Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Мы раней, калі давалі абвестку пра конкурс, зьвярталіся і да незалежных сродкаў масавай інфармацыі, і да дзяржаўных. Яны звычайна давалі гэтую абвестку. Ну а вось апошні конкурс дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, на жаль, анансаваць не змаглі. Сказалі, што, на жаль, мы ня можам разьмясьціць гэтую абвестку”.

“Бацькаўшчына” рыхтуе новы дзіцячы творчы конкурс гістарычнае тэматыкі. Арганізатары ўпэўненыя, што нягледзячы на рэзкае звужэньне магчымасьцяў абвясьціць ягоныя ўмовы колькасьць удзельнікаў ня зьменшыцца.
XS
SM
MD
LG