Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восеньскія грыбы найбольш забруджаныя радыёнуклеідамі


Іна Студзінская, Менск Пасьля моцных дажджоў у Беларусі зноў усталявалася цёплае сонечнае надвор’е, пайшлі грыбы. І шмат беларусаў выпраўляецца ў ціхае паляваньне за самымі смачнымі і далікатэснымі дарамі лесу. І, бадай, самымі небясьпечнымі. І ня толькі таму, што зноў павялічылася колькасьць атручваньняў – хтосьці ня можа адрозьніць ядомы грыб ад паганкі, хтосьці не ўмее правільна прыгатаваць грыбочкі – але яшчэ і таму, што грыбы больш за ўсё назапашваюць радыёнуклеідаў.

Адмыслоўцы з асьцярожным аптымізмам адзначаюць, што сёлета сытуацыя з дарамі лесу – і з ягадамі, і з грыбамі – крыху палепшылася. Але ня трэба залішне радавацца, бо асабліва восеньскія грыбы па сваёй прыродзе вельмі добра назапашваюць радыёнуклеіды. І абавязкова іх трэба правяраць, сьцьвярджае намесьнік дырэктара Інстытуту лесу Нацыянальнай акадэміі навук прафэсар Уладзімер Багінскі:

(Багінскі: ) “Зь імі трэба быць вельмі асьцярожным. Таму ў Гомельскай вобласьці, Магілеўскай, Берасьцейскай, напалову ў Менскай без праверкі грыбы ўжываць у ежу нельга. Ёсьць грыбы, якія вельмі шмат набіраюць радыёнуклеідаў. Самы небясьпечны – гэта польскі грыб, масьляк, махавік, валнушка, потым ужо белы грыб, ваўнянка, грузьдзь, скрыпіца, зялёнка, сыраежка, падбярэзавік, радоўка…”

Прафэсар Уладзімер Багінскі назваў некаторыя рэгіёны, дзе грыбы абавязкова трэба правяраць. Гэта ні ў якім разе не азначае, што ў астатніх рэгіёнах Беларусі грыбы чыстыя. Прафэсар Багінскі называў яшчэ канкрэтныя раёны, і іх шмат, дзе ёсьць так званыя “плямы” – Ракаў, Івянец, Налібоцкая пушча, паміж Барысавам і Беразіном, на Віцебскім накірунку паміж Красным і Ганчаровым. І наагул, лепш карыстацца мапай. Дарэчы, зусім нядаўна выдадзеная новая мапа радыяцыйнай забруджанасьці, дзе пазначаны найбольш небясьпечныя рэгіёны.

Калі зьбіраесься ў грыбы, пажадана захапіць з сабой дазімэтар. А яшчэ лепш праверыць дары лесу ў адмысловых цэнтрах, якія павінны быць у кожным лясгасе, у кожным раёне. У Менску гэта можна зрабіць бясплатна ў Інстытуце “Белрад”, які разьмяшчаецца ў Доме міласэрнасьці, што каля мэтро Усход. Вось што кажа дырэктар Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі “Белрад” прафэсар Васіль Несьцярэнка:

(Несьцярэнка: ) “Сёньня дзесьці 80% грыбоў, якія людзі прыносяць на кантроль, забруджаныя радыёнуклеідамі. Да 40% дозавай нагрузкі асабліва сельскія жыхары атрымоўваюць за кошт грыбоў. Але з грыбамі ёсьць выйсьце. Іх трэба заліць вадой – на 3 літры вады 2 сталовыя лыжкі солі і прыкладна 30 грамаў воцату. Патрымаць 3 гадзіны і зьліць гэтую ваду. І 80% радыёнуклеідаў зыходзіць з вадой”.

Няўжо так проста і лёгка можна ачысьціць грыбы ад радыяцыі? Безумоўна, цалкам пазбавіцца ад радыёнуклеідаў немагчыма, заяўляюць навукоўцы. Як, дарэчы, і прымусіць беларусаў адмовіцца ад ужываньня грыбоў. Але даволі істотна паменшыць дозу – можна. І гэта даказана досьведным шляхам, сьцьвярджае намесьнік дырэктара Дзяржаўнага упраўленьня радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бясьпекі “Беллесрад” Аляксей Барабошкін:

(Барабошкін: ) “Менавіта восеньскія грыбы найбольш небясьпечныя. Іх, па-першае, больш за ўсё і зьбіраюць, нарыхтоўваюць на зіму. І яны найбольш забруджаныя. Як жа з гэтым змагацца? Ёсьць жа добрыя спосабы. Чалавек зьбірае грузьдзі – а ў іх шмат млечнага соку. Іх трэба вымочваць у вялікай колькасьці вады цягам трох сутак. Праз гэты час застаецца толькі 30% радыёнуклеідаў ад таго, што было. Так што гэта эфэктыўна. Ня кажучы ўжо пра выварваньне”.

Так што калі вы не можаце адмовіцца ад такога далікатэсу, як грыбы, абавязкова правярайце іх. Калі купляеце на рынку, нават калі ў прадаўца ёсьць даведка, праверце яшчэ раз. І правільна гатуйце – вымочвайце ў салёнай вадзе з воцатам, выварвайце. Бо калі толькі адзін раз паясі забруджаныя грыбочкі – трэба год, каб радыёнуклеіды выйшлі з арганізму.
XS
SM
MD
LG