Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэаназіраньне ў школах: ахова ад тэрарызму ці абмежаваньне свабоды?


Ганна Соусь, Менск У беларускіх школах пасьля трагедыі ў Бэслане будуць узмоцненыя меры бясьпекі. Ува ўсіх менскіх школах плянуецца ўсталяваць сыстэмы відэаназіраньня – да таго ж, адмыслова падрыхтаваныя людзі будуць ахоўваць навучальныя ўстановы.

У Менску некалькі соцень школаў. І калі ў кожнай зь іх будзе ўсталяваная сыстэма відэанізараньня й уведзеная ўласная служба аховы, то выглядае, што гэта даволі вялікія сродкі… Хто будзе выдаткоўваць грошы і весьці падрыхтоўку ахоўнікаў?

Ахова школаў будзе ўскладзеная на ахоўныя прадпрыемствы, а падбор кадраў будзе кантраляваць міліцыя. Пра гэта паведамляюць прадстаўнікі менскай міліцыі. Мяркуецца, што дадзеная служба будзе шчыльна супрацоўнічаць з гэтак званымі “бацькоўскімі патрулямі”, якія будуць дзяжурыць ня толькі ў школе, але й ахоўваць тэрыторыю, прылеглую да навучальнай установы. Гэтак заявіў у эфіры першага нацыянальнага тэлеканалу прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, спаслаўшыся на тое, што такая практыка ужо заведзеная ў адной з менскіх школаў. У прэсавай службе менскай міліцыі мне ўчора адмовіліся назваць нумар гэтай школы.

Што да выдзяленьня сродкаў, то гэта ёсьць сапраўды праблемай. Як мне распавялі ў прэсавай службе, штогод менская міліцыя накіроўвае ва ўсе школы зварот з просьбай усталяваць ахоўную сыгналізацыю, гэтак званую “трывожную кнопку”, але звычайна адміністрацыі школаў проста ня маюць сродкаў на гэта. Што тады казаць пра ўсталяваньне сыстэмы відэаназіраньня... Дарэчы, у прэсавай службе менскай міліцыі мне патлумачылі, што фінансавыя пытаньні не ў кампэтэнцыі праваахоўных органаў.

А якая была першая рэакцыя на ініцыятыву менскай міліцыі ў справе ўзмацненьня аховы навучальных установаў? Напрыклад, генэрал Мечыслаў Грыб, у мінулым кіраўнік упраўленьня ўнутраных справаў Віцебшчыны, скептычна паставіўся да такой ініцыятывы менскай міліцыі.

(Грыб: ) “Калі дапусьціць, што там будзе відэакамэра і будзе фізычная ахова – ці можна сёньня даць гарантыю, што гэта выключыць усякі выпадак тэрарызму? Думаю, што не. Як да гэтага паставіцца кіраўніцтва кожнай навучальнай установы, супрацоўнікі, якія будуць арганізоўваць гэтую ахову? Ці будуць яны гэта ўсё выкарыстоўваць на карысьць нашых дзяцей? Ці можа яны будуць і злоўжываць гэтай інфармацыяй, якая будзе паступаць праз гэтыя сродкі да іх? Гэта будзе неяк абмяжоўваць свабоду асобы нашых навучэнцаў, іх бацькоў і абмяжоўваць іх правы”.

Што да рэакцыі простых людзей, то пасьля трагедыі ў Бэслане многія зь іх вітаюць падвышэньне пільнасьці ды ўвогуле вялікую колькасьць міліцыі паўсюль. Вось выказваньне жыхаркі Менску – дарэчы, гэта даволі тыповае меркаваньне:

(Спадарыня: ) “Я рада і ўся мая сям’я, ідзем і не страляюць. Ходзіш спакойна і мне падабаецца, што многа міліцыі, аховы, нейкі спакой. Я рада. Чым болей міліцыі, тым я больш спакойная за сябе і за сваіх дзяцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG