Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя камуністаў Беларуская аспрэчвае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі


Уладзімер Глод, Менск 7 верасьня Вярхоўны суд Беларусі закончыць разгляд пазову да Міністэрства юстыцыі з боку Партыі камуністаў Беларускай. Разгляд справы пачаўся ў панядзелак, 6 верасьня. Камуністы Сяргея Калякіна аспрэчваюць у вышэйшай судовай інстанцыі папярэджаньне, якое партыі вынесла Міністэрства юстыцыі.

Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне камуністам-калякінцам за тое, што партыя быццам бы ў якасьці незарэгістраванага аб’яднаньня Народная кааліцыя “Пяцёрка+” са старонак газэты “Народная воля” заклікала ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці з газэтай. Аднак кіраўніцтва партыі лічыць, што гэтае папярэджаньне неабгрунтаванае. Чаму? Таму, што ПКБ не прымала рашэньняў ні аб уваходзе ў кааліцыю, ні аб удзеле ў акцыі.

Учора Вярхоўны суд заслухаў прадстаўнікоў абодвух бакоў – партыі й міністэрства юстыцыі. Сёньня паседжаньне працягнецца, і ўсе чакаюць, што дзесьці апоўдні будзе вынесена канчатковае рашэньне. Варта дадаць, што раней аналягічныя пазовы да міністэрства падавалі яшчэ тры партыі – БНФ, Аб’яднаная грамадзянская і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Ва ўсіх трох выпадках Вярхоўны суд стаў на бок Міністэрства юстыцыі.

Як вядома, учора афіцыйна скончылася вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. “Колькі прэтэндэнтаў на мандаты мае партыя камуністаў Беларуская?” – гэтае пытаньне я задаў аднаму з кіраўнікоў ПКБ Алене Скрыган. І вось, што яна адказала:

(Скрыган: ) “Вылучылі 44 асобы. 4-га верасьня прайшоў партыйны зьезд, на якім мы ўсё афіцыйна аформілі. Сёньня і ўчора нашыя патэнцыйныя кандыдаты здаюць дакумэнты. Найбольш шырока партыя прадстаўленая у Віцебскай, Гарадзенскай і Гомельскай абласьцях”.

Апрача гэтага, Алена Скрыган паскардзілася: маўляў, у самы разгар выбарчай кампаніі партыйныя сілы вымушаныя адрывацца ад выбарчай дзейнасьці й займацца судовымі справамі. І гэта не жаданьне судзіцца, а суровая неабходнасьць, паколькі, паводле беларускага заканадаўства, калі партыя атрымае на працягу аднаго года два папярэджаньні, яе могуць закрыць. Вось яна, непасрэдная сувязь паміж выбарамі й ціскам на апазыцыйныя палітычныя партыі з боку ўладаў.

Падчас размовы Алена Скрыган сказала, што Партыя камуністаў Беларуская разьлічвае на перамогу ў 15-20 выбарчых акругах. Праўда, пры ўмове, што лічыць галасы выбаршчыкаў будуць сумленна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG