Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвяткаваньнях 490-годзьдзя Аршанскай бітвы было шмат новых твараў, а міліцыянты назіралі збоку


Браніслава Станкевіч, Віцебск У мінулыя выходныя прайшоў фэст беларускай бардаўскай песьні “Аршанская бітва 2004”, прысьвечаны 490-м угодкам славутай перамогі беларускіх войскаў на Крапівенскім полі.

Што да гісторыі фэсту “Аршанская бітва”, то яна налічвае ўжо 11 год. У першыя выходныя верасьня на Крапівенскае поле – гэта недалёка ад вёскі Гацькаўшчына, што пад Воршай—зьяжджаюцца аматары беларускае песьні. Прычым пасьля апошняга фэсту, які завяршыўся ўчора, то можна сказаць, што пэўная колішняя ягоная жанравая абмежаванасьць ужо цалкам зьнікла: на сцэнічнай пляцоўцы на беразе Крапіўны выступалі ўжо ня толькі барды, але і рок-гурты самай рознай накіраванасьці, і паэты, прычым як пачаткоўцы (да прыкладу, Алесь Замкоўскі зь Віцебску), так і вядомыя аўтары – Тацяна Барысік ды Андрэй Хадановіч.

І хаця сёлета на фэст не прыехалі ні Ўладзімер Арлоў, якога тут сустракалі ў мінулыя гады, ні Алесь Пушкін, якога чакалі таксама, было прыемна пабачыць вельмі, вельмі шмат новых людзей з усяе Беларусі.

(Наркевіч: ) “Даўно чуў пра гэты фэст, даўно зьбіраўся, але ўсё ніяк ня мог прыехаць! Дзякаваць Богу, цяпер сабраўся ды прыехаў”.

Гэта гаварыў Алесь Наркевіч зь Вілейкі, які за свае сьпевы атрымаў адмысловы прыз ад беларускай Свабоды – “За найбольш яскравае ўвасабленьне ў творчасьці ідэалаў Свабоды ды Незалежнасьці”. Ягоныя песьні “Беларусь”, “Веру” ды “Буслы” пакінулі настолькі моцнае ўражаньне, што тая самая моладзь, якая толькі што весела танчыла, проста стаіўшы дыханьне слухала гэты выступ.

(Наркевіч: ) Беларусь,ты як птушка без крылаў, Беларусь, ты як песьня без словаў, Беларусь, ці няўжо ты забыла Боскі шлях свой, і гонар, і мову?

Як даклікацца, як дакрычэцца, Каб пазбылася ты цяжкіх мрояў? Дачакацца б, і дай Бог, нашчадкі Нам народзяць унукаў-герояў”.

Менавіта выканальніцкай шчырасьцю і вызначаліся тыя выканаўцы, якіх адзначылі як самых лепшых. Спадар Наркевіч атрымаў ад беларускай службы Радыё Свабода дыскі з запісамі беларускіх выканаўцаў ды кветкі, і яшчэ два рок-гурты – з Жодзіна і з Горак – атрымалі ад Радыё Свабода кветкі й сувэніры. І кожны госьць фэсту таксама атрымаў памятны сувэнір з нагоды 490-х угодкаў Аршанскае бітвы ды 50-годзьдзя беларускае Свабоды – гэта былі адмыслова вырабленыя значкі, каляндарыкі ды асадкі.

Часам даводзіцца чуць і такое меркаваньне пра аршанскі фэст: маўляў, гэта “скокі на касьцях загіблых”, гэта гулянка “нецьвярозых людзей”, і ўвогуле можа не варта было б называць “Аршанскай бітвай” звычайнае бардаўскае сьвята?

Але назва сталася ўжо звыклай. А што да “скокаў на касьцях”, то адзін зь першых удзельнікаў фэсту, Юрка Копцік, кажа, што бітва адбывалася крыху ўбаку ад таго месца, дзе цяпер пяюць ды танчаць. Затое пэўнай падтрымкай гістрачнай традыцыі стаўся традыцыйны ўжо ўдзел у гэтай імпрэзе рыцарскіх клюбаў – яны ладзяць на фэсьце паказальныя выступы. І штогод фэст распачынаецца зь імшы па загіблых ваярах ды хвіліны маўчаньня па тых, хто палёг на Крапівенскім полі.

У пэўным сэнсе гэты фэст можна аднесьці і да палітычных імпрэзаў. Невыпадкова сваё прывітальнае слова ўдзельнікам фэсту даслаў сёлета старшыня БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка, а аршанскія сацыял-дэмакраты з партыі “Народная Грамада” прыйшлі на поле пад партыйнымі сьцягамі …

Як і ў мінулыя разы, увечары на поле зьехалася вялікае прадстаўніцтва міліцыі — дзясяткі два міліцыянтаў, дасланых, безумоўна, гарадзкімі ды раённамі ўладамі. Аднак сьвяту яны не перашкаджалі, толькі назіралі здалёк, як сьпяваюць і танчаць іншыя. Напрыканцы, нехта з гасьцей фэсту сказаў: “На гэтым полі сапраўдныя беларусы заўжды будуць адчуваць сябе пераможцамі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG