Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асэціны, якія жывуць у Беларусі, апасаюцца, што на Каўказе можа пачацца новы міжэтнічны канфлікт


Ігар Карней, Менск Падстава — помста за забітых у Бэслане. Этнічныя асэціны, якія стала жывуць у Беларусі, перакананыя, што трагедыю ў паўночна-асэцінскім Бэслане арганізавалі чачэнскія тэрарысты і новы канфлікт на Каўказе — справа найбліжэйшага часу.

Паводле зьвестак супрацоўніка Дзяржкамітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Юрыя Ўральскага, падчас перапісу 1999 году асэцінамі сябе назвалі каля двух сотняў грамадзянаў Беларусі. Пераважна яны жывуць у зьмешаных шлюбах. Арганізаванай асэцінскай дыяспары (зрэшты, як і чачэнскай) у Беларусі няма. Мала за тое, яшчэ ў савецкі час, каб не ствараць сабе праблемы з працаўладкаваньнем ды міліцыяй, многія падчас зьмены пашпартоў мянялі і нацыянальнасьць. Некаторыя, паколькі прыехалі з тэрыторыі Расеі, аўтаматычна станавіліся расейцамі, іншыя — беларусамі.

Ала Сатоева ў Беларусі ўжо чвэрць стагодзьдзя. На падзеі на Радзіме, як і бальшыня асэцінаў, глядзіць праз чачэнскую прызму. Найперш, праз істотныя рэлігійныя супярэчнасьці.

(Сатоева: ) “Асэціны заўсёды нейкія нават незаўважныя. Выхаваныя так: мужчына гаворыць, а жанчына апускае вочы, бо, маўляў, усё павінна трываць. Але цяпер адышлі ад шоку, пойдуць крыўды і ўсё астатняе; страты пачнуць асэнсоўваць, тое, што адбылося. А што рабіць? Заўсёды гэты народ ставіўся з насьцярожанасьцю да чачэнцаў. Асэціны ж хрысьціяне. А тыя — не… У чачэнцаў заўсёды былі свае строгія законы. Прыгадваю, што ў маёй выкладчыцы матэматыкі было двое хлопчыкаў. Яна была цяжарная дзяўчынкай, а ёй сказалі: дзяўчынка непатрэбная. І яна паехала цягніком на Маскву, дзе і нарадзіла. Яе высадзілі, а раніцой гэтую дзяўчынку знайші павешанай на вадаправоднай калёнцы. Самі ж сямейныя перасьледавалі. Гэта тады яшчэ Чачэнія такой была”.

На самым пачатку гісторыі з захопам закладнікаў у Бэслане бальшыня этнічных асэцінцаў адляцела ў Паўночную Асэцію. Нават вядомы беларускі спартовец Анатоль Ларукоў, які хоць мае расейскія карані, але нарадзіўся і доўга пражыў побач з Бэсланам, ад’ехаў туды адразу ж: там засталося шмат сваякоў і сяброў. А вось Раман Албораў, юрысконсульт адной з пасьпяховых менскіх фірмаў, мае сваякоў на грузінскай тэрыторыі Асэціі, у Алазанскай даліне. Але не хавае, што за падзеямі ў Бэслане назіраў з думкай, уласьцівай усім горным народам:

(Албораў: ) “Занадта сур’ёзна і глыбока зачапілі чачэнцы ўсіх асэцінаў. Тэрарысты адтуль прыйшлі, і бальшыня зь іх усё ж чачэнцы. А Каўказ, горныя народнасьці вельмі моцна шануюць старэйшых і дзяцей. І што тычыцца людзей, якія падымаюць на гэта руку, перакананы: адаб’ецца гэта, абавязкова будзе адплачана. І калі дарослыя ўжо прызвычаіліся да абстаноўкі, калі страляюць, б’юць… Але што тычна дзяцей, то гэта ўсё вельмі сур’ёзна. Кубак перапоўнены, і я перакананы, што будзе канфлікт. У нас проста не забываецца падобнае. Усё занадта сур’ёзна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG