Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы выказваюць спачуваньне расейцам і асецінам у сувязі ў трагедыяй у Бэслане


Ганна Соусь, Менск Нашая карэспандэнтка наведала расейскую амбасаду ў Менску, куды сёньня прыходзяць беларусы, каб выказаць спачуваньне й пакінуць запіс у жалобнай кнізе.

Ля ўваходу ў расейскую амбасаду ляжаць чырвоныя кветкі. Сёньня з раніцы да дыпляматычнага прадстаўніцтва Расеі ідуць людзі. Намесьніца дырэктара 208-й менскай школы Натальля Юшкевіч ледзь стрымлівае сьлёзы.

(Юшкевіч: ) “Ня выказаць у гэтыя дні спачуваньня гэтаму народу немагчыма. Загінулі ні ў чым не павінныя дзеці. Хацелася бы толькі зьвярнуцца да тых людзей, хто гэта зрабіў. Так нельга. Таму што дзеці — гэта святое, тое, што мы павіны несьці высока, а не забіваць іх”, — лічыць настаўніца 208-й менскай школы Натальля Юшкевіч.

Зь ёй салідарная выканаўчая дырэктарка Беларуска-расейскага банку Валянціна Юрко:

(Юрко: ) “У мяне ў самой двое дзяцей, яны таксама пайшлі 1 верасьня ў школу й садок. Тое, што ў нас у Беларусі быў захоплены дзіцячы садок — гэта ўсё яшчэ жывое ў памяці. Вось гэтыя лічбы проста жахлівыя. Я не чакала, што будуць такія лічбы”.

Выказаць словы спачуваньня расейскаму і асецінскаму народам прыходзяць і прадстаўнікі дыпляматычных місіяў, акрэдытаваныя ў Менску. Вось што сказаў нашаму радыё літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас:

(Паслаўскас: ) “У Літве ўжо ўчора людзі ішлі да расейскай амбасады, запальвалі сьвечкі, ускладалі кветкі. Міжнародны тэрарызм пачаў змагацца з ні ў чым не вінаватымі дзецьмі. Гэта новая зьява, і напэўна цывілізаваны сьвет павінен перагледзець некаторыя свае падыходы, як трэба змагацца з гэтым”.

А вось меркаваньне генэральнага дырэктара акцыянэрнага таварыства “Керамін” Генадзя Рошчупкіна:

(Рошчупкін: ) “Ад імя нашага прадпрыемства адкрытага акцыянэранага таварыства “Керамін” мы прыйшлі выказаць нашым братам расейцам глыбокае спачуваньне тым сем’ям, куды прыйшла бяда”.

Думку генэральнага дырэктара “Кераміну” працягвае Марыя Ягадніцына:

(Ягадніцына: ) “Ад імя прэзыдыюму Беларускага саюзу блякаднікаў Ленінграду зь нянавісьцю, са злосьцю гавару, што такое не павінна паўтарыцца. Мы ў блякадным Ленінградзе перажылі голад, блякаду, дыстрафію… А цяпер жа мірны час…”

Прыём спачуваньняў у расейскай амбасадзе працягнецца і заўтра.

На фотаздымку: рабочыя Менскага аўтазаводу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG