Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор прапанаваў пасадзіць Леванеўскага і Васільева на тры гады – за верш


Сяргей Астраўцоў, Горадня “Тры гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму” для кожнага — такім прысудам папрасіў пакараць Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева пракурор Панасюк. Ён сказаў, што лічыць іхнюю віну даказанай, што яны абразілі гонар і годнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі і абвінавацілі яго ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства — у “злоўжываньні службовым становішчам”.

Пракурор таксама лічыць даказанай віну Аляксандра Васільева ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 1 траўня. За гэта належыць яшчэ два гады зьняволеньня, сказаў пракурор, але дадаў, што, паводле закону, больш цяжкае злачынства паглынае лягчэйшае. Таму агульнае пакараньне для Васільева павінна быць роўным тром гадам.

Сёньня быў восьмы дзень працэсу. Пракурор Панасюк нарэшце сказаў, за што канкрэтна судзяць Леванеўскага і Васільева. У першатравеньскай улётцы, якую яны распаўсюдзілі, было напісана (цытую пракурора): “Прыйдзі і скажы, што ты супраць, каб тваім коштам ХТОСЬЦІ езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць дзеля свайго задавальненьня”. Прычым слова “хтосьці” выдзелена вялікімі літарамі. Дадзены заклік, на думку абвінавачаньня, указвае на тое, што складальнікі ўлётак наўмысна пад словам “хтосьці” маюць на ўвазе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і ўказваюць на тое, што ён злоўжывае сваім службовым становішчам — за кошт падаткаплатнікаў езьдзіць на адпачынак за мяжу”.

Валеры Леванеўскі зьяўляецца сябрам Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”. На судзе прысутнічаў адзін зь яе заснавальнікаў Андрэй Саньнікаў, ягонае меркаваньне:

(Саньнікаў: ) “Гэта палітычны працэс: судзяць людзей, якія паставілі пытаньне аб тым, што Лукашэнка карыстаецца грашыма грамадзянаў Беларусі для сваіх уласных справаў. Паставілі пытаньне, каб спыніць рух Лукашэнкі да пажыцьцёвага кіраваньня ў Беларусі. Для мяне гэта можна параўнаць з 1937 годам, калі судзяць менавіта за вершы”.

У другой палове дня абвінавачаныя Валеры Леванеўскі й Аляксандар Васільеў сказалі ў судзе сваё апошняе слова. Прысуд будзе абвешчаны заўтра а 12-й гадзіне. Пракурор прапанаваў зьняволіць спадароў Леванеўскага і Васільева на тры гады ў калёніі агульнага рэжыму нібыта за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі.

У судзе сёньня таксама выступіў адвакат Аляксандар Бірылаў.

(Бірылаў: ) “Я лічу, што доказаў недастаткова для вынясеньня абвінаваўчага прысуду. Можа, пэўныя нейкія ёсьць доказы, але ў большасьці яны даказваюць ня склад злачынства, яны даказваюць толькі тое, што сапраўды распаўсюджваліся кімсьці гэтыя ўлёткі, сапраўды там зьмяшчаўся верш. Нават можна дапусьціць, што ён меў абразьлівы характар, але ці адносіўся ён да прэзыдэнта й ці абвінавачваў ён у зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства, я лічу —не даказана”.
XS
SM
MD
LG