Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі бы цяпер правялі рэфэрэндум пра далучэньне да Расеі, супраць выказаліся бы 99% беларусаў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Авіякатастрофы, выбухі на людных маскоўскіх вуліцах, захоп у закладнікі соцень дзяцей у асецінскім горадзе Бэслане... Гэтыя драматычныя падзеі ў Расеі, зь якой Беларусь жыве нібыта ў адзінай саюзнай дзяржаве, выклікалі шырокі розгалас сярод нашых слухачоў. Пачну зь ліста, які прыйшоў па электроннай пошце. Яго аўтар — Лілія Багуцкая зь Менску. Яна піша:

“Страшна ўявіць, што адчуваюць цяпер жыхары расейскіх гарадоў. Пасьля апошніх выбухаў дванаццацігадовая дачка маіх сваякоў, якія жывуць у Маскве, баіцца езьдзіць у мэтро. А самі яны вырашылі адмяніць адпачынак у Турцыі: як цяпер лётаць — пасьля таго, што адбылося з двума расейскімі самалётамі? У Маскве ненавідзяць чачэнцаў. Можа, і меў рацыю Сталін, калі загадаў за некалькі сутак перасяліць іх у Сярэднюю Азію і ў Казахстан? І што гэта за ўлада, якая ня здольная абараніць сваіх грамадзянаў? Дзякуй Богу, што жывем у Беларусі й што ў нас няма сваёй Чачэніі. Думаю, калі бы цяпер правялі рэфэрэндум пра далучэньне да Расеі, супраць выказаліся бы 99 адсоткаў людзей”.

Страх, міжнацыянальная нянавісьць, недавер да ўлады — вось чаго дамагаліся і дамагліся тэрарысты. На сайце расейскай “Комсомольской правды” гэтымі днямі праводзілі апытаньне пра тое, якіх мэтаў дасягнуць тэрарысты. 73 адсоткі адказалі, што гэта выкліча нянавісьць да ўсіх чачэнцаў. Расейскія ўлады ўвесь апошні час рабілі выгляд, што так званае “чачэнскае пытаньне” калі ня вырашанае, дык вось-вось будзе вырашанае. Яшчэ два тыдні таму, гледзячы расейскія тэлеканалы, можна было падумаць, што адзінае, чым цяпер займаюцца ў Чачэніі — гэта атрымліваюць з Масквы грашовыя кампэнсацыі ды адбудоўваюць узарваныя дамы. Насамрэч вайна ў Чачэніі працягваецца, а пуцінская жорсткая палітыка адносна сэпаратыстаў аказалася бясплённай.

Увогуле, гаворачы пра Чачэнію, цяжка пазьбегнуць паралеляў зь іншым канфліктам — ізраільска-палестынскім. Сілы бясьпекі й армія Ізраілю ўжо паўстагодзьдзя супрацьстаяць тэрору палестынцаў, набылі ў гэтай справе вялізны досьвед. А выкараніць саму зьяву ня здолелі. І, відавочна, ня здолеюць да таго часу, пакуль два народы, у якіх яўна не атрымалася жыць разам, не пачнуць жыць паасобку. Напэўна, да такіх жа высноў рана ці позна давядзецца прыйсьці й Расеі, якая пакутліва разьвітваецца са сваім імпэрскім мінулым.

Наш сталы слухач і аўтар Раман Зіноўеў зь Лёзна ў сваім лісьце нагадвае, як Уладзімер Пуцін пачынаў сваё ўзыходжаньне на вяршыню ўлады ў Расеі. Выбухі дамоў у Маскве, буйнамаштабныя апэрацыі ў Дагестане і Чачэніі, жаданьне большасьці расейцаў займець “цьвёрдую руку”, якая б хутка і рашуча спыніла вайну і бязладзьдзе.

“А на месцы чачэнцаў маглі быць беларусы, — піша ў сваім лісьце Раман Зіноўеў зь Лёзна. — Вось знайшлі бы ва ўзарваных маскоўскіх дамах беларускі сьлед; арганізавала б ФСБ правакацыі ў Беларусі, віну за якія ўсклалі бы на беларускую апазыцыю, і пайшлі бы расейскія танкі 23 верасьня 1999 году не на Гудэрмэс і Шалі, а на Віцебск і Барысаў”.

Сцэнар ваш, спадар Зіноўеў, фантастычны і вельмі малаверагодны. У Расеі так шмат унутраных міжнацыянальных праблемаў, што шукаць на ролю раздражняльніка грамадзкай думкі беларусаў стаў бы хіба што вялікі авантурыст.

Мікалай Лясовіч зь Менску ў сваім чарговым лісьце разважае пра наступствы пераходу ў апазыцыю многіх былых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі (у прыватнасьці, Міхаіла Марыніча, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Міхаіла Чыгіра). Гэта, як вядома, у далейшым драматычным чынам паўплывала на іх лёс. Слухач піша:

“Усе яны ў свой час уваходзілі ва ўрад Лукашэнкі, займалі ў ім высокія пасады. І тое, што яны сталі праціўнікамі дыктатуры, Лукашэнка, напэўна, палічыў асабістай здрадай. Недарэмна ж ён сказаў, звальняючы Навіцкага: “Усё дарую, акрамя здрады”. Напэўна, у ягоных дзеяньнях быў намер напалохаць іншых чыноўнікаў і жаданьне ўхіліць магчымых канкурэнтаў. Але, мяркую, што галоўнай прычынай было моцнае пачуцьцё асабістай помсты. Выкраданьне Ганчара і Захаранкі было зусім неразумным: суровае пакараньне вінаватых у гэтым непазьбежнае, яно надыдзе — рана ці позна. А пагроза непазьбежнасьці заўсёды прыгнятае псыхіку, моцна абцяжарвае жыцьцё. Недарэмна так часта мы чуем, як Лукашэнка называе апазыцыянэраў “здраднікамі”.

Усё ж, спадар Лясовіч, пакуль заўчасна казаць пра тое, хто вінаваты ў зьнікненьнях гэтых людзей. Вэрсіяў і здагадак шмат, але незалежнае сьледзтва пакуль не праведзенае, суду не было. А бяз гэтага называць імёны злачынцаў не выпадае. Так, ёсьць шмат сьведчаньняў таго, што да злачынства маглі мець непасрэднае дачыненьне высокія службовыя асобы з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі. І яны ўжо сёньня адчуваюць, што рана ці позна ім давядзецца адказваць на пытаньні сьледчых. Пагаджаюся з вамі, спадар Лясовіч, што час, калі гэтыя ды іншыя людзі паўстануць перад судом, абавязкова надыдзе. Магчыма, тады пацьвердзяцца і вашы здагадкі.

Ліст ад Віталя Гусева з Магілёва. Слухач піша:

“Мне 17 год, і я, як ніхто іншы, добра адчуў, куды хіліць улада ў адукацыі, да чаго прывялі яе досьледы над беларускай моладзьдзю. Але цяпер, з вышыні свайго ўзросту, я добра бачу ўвесь малюнак свайго ранейшага жыцьця. І крываваю сьцяною ўстаюць усе тыя гады, калі я быў пазбаўлены радзімы і мовы. Палітычную біяграфію Лукашэнкі я параўнаў бы з гісторыяй камуністычнай улады. Спачатку яе таксама падтрымлівала большасьць. А што было потым? Цяпер у Лукашэнкі прыкладна той пэрыяд, які быў у СССР у гады Хрушчова. Яго часткова прымаюць на Захадзе. А потым, як усім вядома, будзе застой, а за ім — перабудова”.

Думаю, ня дужа дакладныя, Віталь, вашыя паралелі. Аляксандар Лукашэнка можа толькі марыць пра тое, каб яго прымалі на Захадзе так, як некалі прымалі Мікіту Хрушчова. Зноў жа, пераход ад так званага хрушчоўскага валюнтарызму да брэжнеўскага застою адбыўся ня сам сабой, а шляхам змовы ў асяродку найбліжэйшых паплечнікаў Хрушчова, у выніку якой апошні ў 1964 годзе страціў уладу і апынуўся фактычна пад хатнім арыштам.

На заканчэньне — ліст ад Аляксандра Кузьміна зь Менску. Слухач піша:

“Да маёй кватэры прыбудавалі новы дом. Маёй згоды ніхто не пытаў. А ў мяне ў выніку стала на адно акно меней: спальня ў “хрушчоўцы” засталася бяз сонца, стала нежылой. Там, дзе было акно, зьявілася арка, у якой дзеці стукаюць мячыкам аб сьцяну. Да нядаўняга часу ўсё было абмалявана фашысцкай сымболікай. На лаўцы ля пад’езду, у якім так і не ўсталявалі замок, п’юць сьпіртное: крама побач, а раён злачынны... Аднаго разу мне надакучыў стук малалетніх хуліганаў у акно і ў дзьверы. Я выйшаў і сказаў, што выклікаў міліцыю. Яны сталі ўцякаць, а я — за імі. Дабег да 2-га завулка Баграціёна, выклікаў бацьку аднаго з хуліганаў. На маю прапанову “Я вас запрашаю ў апорны пункт міліцыі” той адказаў: “Ну, калі б ты з бутэлькай запрашаў, я б пайшоў”.

А ў апорным пункце, дзе мне адчынілі пасьля працяглага чаканьня і стуку, мне адказалі, што новага ўчастковага Куліева няма, будзе пазьней. У канцы 90-х гадоў я працаваў у гарадзкой управе жыльлёвай гаспадаркі й ведаю, што частка квартплаты адлічваецца на працу зь дзецьмі — на дзіцячыя пляцоўкі, спартыўны інвэнтар, настаўнікаў. У нашым першым домакіраўніцтве трактарнага заводу нічога гэтага ня робіцца. Цяпер у Беларусі вялікая агітацыйная кампанія — за вялікі спорт, за вялікі тэніс. А хто паклапоціцца хоць бы за маленькі тэніс для безнаглядных дзяцей? Танныя мэталічныя сталы для настольнага тэнісу паставіць ня так і цяжка. Ля такіх імправізаваных сталоў (змайстраваных часам хоць бы з бракаванай бэтоннай пліты) зьбіраюцца нават дзеці з забясьпечаных сем’яў, якім далёка дабірацца да платных тэнісных сталоў ды кортаў”.

Можа, спадар Кузьмін, і ня варта было гнацца за тымі дзецьмі. Вы ж добра ведаеце, чаму яны гуляюць зь мячыкам пад вашымі вокнамі: самі пераканаўча напісалі пра гэта ў сваім лісьце. Няма спартыўнай пляцоўкі, бацькі ня здольныя аплаціць заняткі ў сэкцыях, жыльлёвая служба ня дбае пра тое, каб у двары былі хоць бы самыя прымітыўныя ўмовы для спартыўных гульняў... Часам і грошы на гэта знайсьці ня так цяжка — проста няма ініцыятыўнага чалавека, які бы не пашкадаваў часу на хаджэньні па чыноўніцкіх кабінэтах. Вось вы, спадар Кузьмін, мяркуючы па дасланай вамі вялікай перапісцы з уладамі, чалавек актыўны і мэтанакіраваны. Калі бы патрацілі гэтую энэргію не на барацьбу зь непаслухмянымі дзецьмі, а на дапамогу ім — з ворага ператварыліся б для іх у самага лепшага сябра.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG