Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

6 верасьня 1991 году Масква прызнала незалежнасьць Літвы, Латвіі і Эстоніі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 5 і 6 верасьня

Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі.

5 верасьня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўвалі пакутніка Лупу. “На Лупу будзе жыта купа” – казалі нашыя продкі. Гэты дзень прызнаваўся асабліва ўдалым для азімай сяўбы.

5 верасьня 1828 году ў Плешчаніцах быў заснаваны мясцовы тэатар графа Тышкевіча. І хоць праіснаваў ён усяго 7 гадоў, але сам гэты факт важны для разуменьня тагачаснае Беларусі, у якой пасьля далучэньня да Расеі паступова занепадала тэатральная культура, а цэнтры тэатральнага мастацтва ператвараліся ў мала чым адрозныя адно ад аднога мястэчкі.

Дзень 5 верасьня 1918 году стаў днём пачатку ў Расеі чырвонага тэрору. Пасьля забойства Ўрыцкага і замаху на Леніна Саўнаркам прыняў пастанову аб чырвоным тэроры, з чаго й пачаліся масавыя рэпрэсіі.

5 верасьня 1919 году загінуў культавы пэрсанаж савецкай ідэалёгіі і пралетарскага фальклёру Васіль Іванавіч Чапаеў. Чырвоны камандзір не даплыў да процілеглага берагу ракі Ўрал, бо дагнала яго варожая куля.

Цяпер – пра памятныя даты дня сёньняшняга.

6 верасьня 1991 году – запамінальны дзень у гісторыі Савецкага Саюзу, які тады ўжо быў гатовы рассыпацца на кавалкі. Менавіта ў гэты дзень на паседжаньні Дзяржсавету пад старшынствам Гарбачова прызнаецца незалежнасьць Літвы, Латвіі і Эстоніі. Менавіта ў гэты дзень фактычна самараспускаецца савецкі парлямэнт – зьезд народных дэпутатаў. Таксама ў гэты дзень Чачэнская рэспубліка абвяшчае сябе незалежнай. А яшчэ 6 верасьня 1991 году Ленінград пераймяноўваюць у Санкт-Пецярбург.

6 верасьня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі і гэбрайскі філёзаф Саламон Майман, і вядомыя тэатральныя дзеячы: актор Ёзас Будрайціс нарадзіўся ў 1940, а рэжысэр Мікалай Пінігін, які праславіўся пастаноўкамі “Тутэйшых” і “Ідыліі” на сцэне Купалаўскага тэатру – у 1957 годзе.
XS
SM
MD
LG